Зацьверджаны ў ЗША праект па стварэньні мабільнай крылатай ракеты наземнага базіраваньня можа абярнуцца парушэньнем парамэтраў амэрыканска-савецкай Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасьці. Аб гэтым піша часопіс Time.
Амэрыканская крылатая ракета, згодна з пазыцыяй Вашынгтона, павінна стаць адказам на зьяўленьне новага тыпу ракеты ў расейскім арсэнале. Раней адміністрацыя прэзыдэнта Абамы яшчэ на стадыі распрацоўкі расейскай ракеты «Наватар» беспасьпяхова спрабавала пераканаць Маскву, што яна не стасуецца з Дамовай па РСМД.
Адміністрацыя Трампа зацьвердзіла першапачаткова сымбалічную суму на стварэньне амэрыканскай ракеты — 25 мільёнаў даляраў, адзначае Time. Канструктарскія распрацоўкі самі па сабе не забароненыя дамовай, толькі фактычнае разгортваньне ракет. ЗША абяцае згарнуць свой праект, калі Расея зробіць тое ж самае.
У пачатку сьнежня паведамлялася, што Белы дом мае намер увесьці новыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі за парушэньне Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасьці.
Дакумэнт быў падпісаны ў сьнежні 1987 года. Ён забараняе вырабляць і выпрабоўваць балістычныя і крылатыя ракеты далёкасьцю дзеяньня ад 500 да 5500 кілямэтраў і іх пускавыя ўстаноўкі, а ўзбраеньне, якое было да таго часу ў СССР і ЗША, павінна быць зьнішчанае.