Пачатак году — традыцыйны час прадказаньняў і прагнозаў. Свабода зьвярнулася да эканамістаў, журналістаў, палітыкаў, літаратараў і астролягаў з просьбай заняцца няўдзячнай справай ды адказаць на 11 пытаньняў нашай прагнознай анкеты. Усур’ёз ці жартам — кожны з рэспандэнтаў выбіраў самастойна.
У канцы 2018 году мы вернемся да гэтай анкеты і паглядзім, хто ж з рэспандэнтаў найбольш наблізіўся да праўды.
Нашыя пытаньні:
- Якім будзе курс даляра ў канцы году?
- Якой будзе яўка на мясцовых выбарах?
- Колькі міністраў страцяць пасаду ў 2018 годзе?
- Хто стане прэзыдэнтам Расеі?
- Хто стане ляўрэатам прэміі Гедройця?
- Ці будуць і зь якой прычыны масавыя пратэсты ў Беларусі?
- Колькі будзе каштаваць шэнгенская віза для беларусаў?
- Колькі будзе сонечных дзён у 2018 годзе?
- Колькі мільёнаў тон збожжа зьбярэ Беларусь налета?
- Ці прыйдуць сёлета ў Беларусь Microsoft, Apple, Google (ці зьявяцца ў нас офісы сусьветных ІТ-гігантаў)?
- Колькі мэдалёў здабудзе Беларусь на зімовай Алімпіядзе-2018?
Юры Дракахруст, палітычны аглядальнік Радыё Свабода
- У раёне 2 рублёў за даляр плюс-мінус 10 капеек.
- На выбарах 2010 году паводле ЦВК яўка была 79%, у 2014 — 78%, сёлета «элегантнай» лічбай будзе 77%.
- Два, такі балянс аднаўленьня і стабільнасьці.
- Вы будзеце сьмяяцца, але...
- Нарэшце Бахарэвіч.
- Мяркую, што нямала людзей выйдзе на Дзень Волі.
- 35 эўра. Думаю, што шматпакутнае пагадненьне з Эўразьвязам пра візы будзе заключанае, а набудзе моц яно праз 20 дзён пасьля падпісаньня.
- 20-35. Гэтая лічба не мяняецца штогод, як і шмат што іншае ў Беларусі.
- 6,5 мільёна тон, збор зьніжаецца апошнія гады
- Мяркую, што нехта зь іх прыйдзе. Прынамсі зойдзе паглядзець, адкрые прадстаўніцтва.
- 20 мэдалёў.
Ганна Канапацкая, палітык, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў
- 2,1-2,3 рубля за даляр.
- Ня больш за 25%. Але намалююць каля 70%.
- Магчыма, ніхто. Магчыма, міністар антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Ўладзімер Калтовіч, калі будзе рэальна праводзіць палітыку лібэралізацыі і адпусьціць цэны. Але наўрад ці адбудуцца моцныя ўзрушэньні.
- Уладзімір Пуцін.
- Ня маю адказу.
- Наўрад ці будуць такія пратэсты, як вясной 2017-га. Але могуць быць лякальныя пратэсты, як цяпер у Сьветлагорску альбо супраць ушчыльненьня забудовы ў гарадах.
- Застанецца яшчэ 60 эўра.
- 87 дзён.
- 8 млн тон.
- Не.
- 5, максымум 7 мэдалёў.
Вольга Карач, кіраўніца грамадзянскай кампаніі «Наш дом»
- Да траўня курс будзе 4 рублі за даляр ці каля таго.
- Яўка будзе нізкай, але намалююць каля 60%.
- Два міністры.
- Уладзімір Пуцін.
- За прэміяй Гедройця не сачу, але мне б хацелася, каб гэта быў Горват.
- Пратэсты будуць. Пачнуцца з нейкай дробязі, але будуць самыя масавыя, і ня ўпэўненая, што мірныя.
- Зьмены кошту візы для беларусаў ня будзе. Застануцца тыя ж 60 эўра.
- 74 дні.
- Каля 6 млн тон.
- Не, ніхто ня прыйдзе.
- 2-3 мэдалі.
Наста Кудасава, паэтка, ляўрэатка «Кнігі паэзіі-2016» па вэрсіі Свабоды
- 2,345 рубля за даляр.
- Праўду мы ўсё адно не даведаемся, таму няхай будзе прыгожая лічба 77,7%.
- Два.
- Мне ўсё роўна, не сачу за палітыкай Расеі.
- Макс Шчур.
- Будуць, усё з тых жа.
- Спадзяюся, меней, чым каштуе сёньня.
- У мяне ўсе будуць сонечныя.
- 10 мільёнаў.
- Не.
- 11 мэдалёў.
Васіліна Міцкевіч, астроляг, спэцыялістка ў галіне геакліматычных зьяваў
- Курс даляра будзе ня большы за 2,6 рубля.
- Больш, чым мінулым разам.
- Пасады страцяць больш міністраў, чым летась.
- Прэзыдэнтам Расеі застанецца Ўладзімір Пуцін.
- Ня ведаю.
- Пратэстаў у Беларусі ня будзе.
- Віза стане таньнейшай.
- Менш за сярэднестатыстычны паказчык.
- Ураджай будзе такі самы, як і ў 2017 годзе.
- У Беларусі пачнуць адкрывацца офісы IT-гігантаў. Усё будзе добра, акрамя веснавых паводак.
- Пяць мэдалёў.
Яраслаў Раманчук, эканаміст
- $1 = BYN3.14
- Рэальная — 26%, «намаляваная» — 64,7%
- 6 міністраў
- Уладзімір Пуцін
- Віктар Марціновіч
- Да 2000 чалавек будуць, масавых — не.
- У канцы 2018 году — 35 эўра.
- 33 дні.
- 8,2 млн тон.
- Не.
- Тры мэдалі.
Арцём Шрайбман, журналіст
- Такім, які будзе трэба, каб актуальныя рублёвыя заробкі сталі «папіццот».
- Як заўсёды, крэатыўнай.
- Нуль, запасных няшмат.
- Нават жарт не ідзе ў галаву. Леанід Ільіч Пуцін.
- Як заўсёды, той, пра каго палова беларускага «Фэйсбуку» ня ведае, а другая палова не ўхваляе яго лаўрэацтва.
- Думаю, некалькі тысячаў мусіць выйсьці на стагодзьдзе БНР.
- 60 эўра, нават калі дамовяцца пра зьніжэньне кошту, бо дамова набудзе моц не адразу.
- Даручыце палічыць Лідзіі Міхайлаўне, і будзе дастаткова.
- Той жа адказ. Чаго я да яго раней не дадумаўся?
- Залежыць ад таго, ці прапісана гэта ў дэкрэце пра ПВТ 2.0.
- Пра гэта мы канчаткова даведаемся гадоў праз пяць пасьля Алімпіяды.