У інтэрвію «Голасу Амэрыкі» дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы закрануў дачыненьні з Расеяй, сытуацыю ў Іране і іншых рэгіёнах сьвету.
Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы, генэрал-лейтэнант Гербэрт Макмастэр лічыць, што неабходна знайсьці спосаб супрацьстаяць вельмі прасунутай новай стратэгіі, якую Расея ўдасканаліла ў многіх парамэтрах. Паводле генэрала, гэтая новая пагроза ўключае ў сябе выкарыстаньне дэзынфармацыі, прапаганды і сацыяльных сетак для таго, каб раскалоць грамадзтва і настроіць сацыяльныя групы адну супраць адной.
«Мы закранулі гэтую праблему ў Стратэгіі нацыянальнай бясьпекі, бо для нас важна адкрыта казаць пра тое, што разьядноўвае і аб’ядноўвае нас як нацыю, пра нашы памкненьні і каштоўнасьці, такія як правы асобы, вяршэнства закону і дэмакратыя», — заявіў Макмастэр.
«Расейцы таксама праяўлялі актыўнасьць у Эўропе, — адзначыў генэрал, — і падчас нядаўніх выбараў у Францыі, і на іспанскай рэфэрэндуме аб статусе Каталёніі. Мы бачылі іх актыўнасьць у Мэксыцы, спробы справакаваць путч у Чарнагорыі. Сарваць заслону з расейскай кампаніі дэстабілізацыі — гэта першы важны крок, які дазволіць усім убачыць іх сапраўдныя намеры, а значыць, аслабіць іх магчымасьці сеяць няўпэўненасьць у людзях і настройваць групы адна супраць адной», — лічыць дарадца ў нацыянальнай бясьпецы.
Паводле яго, Расея па-ранейшаму адмаўляе сваю датычнасьць да падобных дзеяньняў, але робіць гэта ўсё менш пераканаўча.
«Гэтыя ж самыя людзі заяўлялі: „Не, мы не зьбівалі авіялайнэр і не забівалі усіх гэтых людзей“; „Не, нашых салдатаў няма ў Крыме і на ўсходзе Ўкраіны“; „Мы не аказваем падтрымкі сырыйскаму рэжыму, адказнаму за масавыя забойствы ўласных грамадзян з выкарыстаньнем хімічнай зброі“. Сёньня гэтым словам ужо ніхто ня верыць», — перакананы Макмастэр.
На думку генэрала, кожная арабская дзяржава павінна разумець, што менавіта робіць Расея на Блізкім Усходзе, а менавіта — імкнецца выкарыстоўваць дэструктыўныя дзеяньні Ірану, які распальвае грамадзянскую вайну ў рэгіёне, узбройвае і падтрымлівае тэрарыстычныя групоўкі накшталт «Хэзбалы». «За такую падтрымку Расеі дав\дзецца заплаціць немалую цану», — заявіў Макмастэр.