У 2017 годзе колькасьць загінулых у авiякатастрофах самалётаў камэрцыйнай авіяцыі склала 44 чалавекі, што зьяўляецца абсалютна рэкордным паказьнікам з 1946 году, гаворыцца ў справаздачы партала Aviation Safety Network.
Усяго, паводле дадзеных партала, у 2017 годзе адбылося 10 катастроф з сэртыфікаванымі самалётамі пасажырскай і транспартнай авіяцыі ўмяшчальнасьцю больш за 14 чалавек. Пяць няшчасных выпадкаў зьвязаныя з грузавымі рэйсамі, пяць — з пасажырскімі. Улічваючы чаканы па ўсім сьвеце паветраны трафік, які складае каля 36 млн 800 тысяч рэйсаў, узровень аварыйнасьці — адна сьмяротная аварыя пасажырскага самалёта на 7 млн 360 тысяч палётаў.
У 2016 годзе, гаворыцца ў справаздачы, ў авiякатастрофах загінулі 303 чалавекі, яшчэ год таму — 537 чалавек, а ў 2014 годзе ахвярамі авіякатастроф сталі 961 чалавек.
У справаздачу не былі ўключаныя дадзеныя аб авіякатастрофах у вайскова-транспартнай авіяцыі, аднак у ёй адзначаецца, што калі ў прадстаўленыя зьвесткі ўключыць катастрофы вайскова-транспартнай авіяцыі і некамэрцыйныя рэйсы, агульная колькасьць інцыдэнтаў са сьмяротным зыходам узрасла б да 24, а колькасьць загінулых склала б 230 чалавек. Тым ня менш гэта самыя нізкія лічбы ў сучаснай гісторыі авіяцыі.
На 31 сьнежня авіяцыя мела рэкордны тэрмін у 398 дзён безь якіх-небудзь аварый пасажырскіх самалётаў.