ЗША рыхтуюць аўганскае войска да наступальных дзеяньняў

Кіраўнік Цэнтральнага камандаваньня ўзброеных сіл ЗША генэрал Джозэф Вотэл

Кіраўнік Цэнтральнага камандаваньня ўзброеных сіл ЗША генэрал Джозэф Вотэл у інтэрвію агенцтву Associated Press 2 студзеня заявіў аб падрыхтоўцы аўганскіх сіл да наступальных апэрацый.

Паводле генэрала, калі надыдзе час, войскам трэба будзе перахапіць ініцыятыву для вядзеньня баявых дзеяньняў. У Вашынгтоне разьлічваюць, што ўзброеныя сілы Аўганістану, навучаныя амэрыканскімі інструктарамі, будуць усё мацней нарошчваць ціск на праціўніка.

На ўсходзе Аўганістану ў правінцыі Нангархар у баі загінуў амэрыканскі салдат, яшчэ чацьвёра паранены. Інцыдэнт адбыўся 1 студзеня, амэрыканскае камандаваньне паведаміла пра гэта на наступны дзень, 2 студзеня.

Правінцыя Нангархар, якая мае агульную, але ўразьлівую мяжу з Пакістанам, у апошнія гады стала ўмацаваным раёнам тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». Агенцтва Reuters удакладняе, што сілы джыхадыстаў значна ўзрасьлі з моманту іх аб’яднаньня на ўсходзе Аўганістану з часу іх зьяўленьня тут у пачатку 2015 году.

Атрады талібаў і джыхадыстаў у Нангархары ваююць адзін з адным, але і тыя, і другія зазнаюць амэрыканскія авіяўдары.

ЗША пачалі праводзіць ваенныя апэрацыі ў Аўганістане ў кастрычніку 2001 году. З тых часоў Вашынгтон страціў 2 тысячы 350 чалавек, больш за 20 тысяч былі параненыя. Ваенная кампанія ЗША ў Аўганістане да цяперашняга часу абышлася, паводле ацэнак Пэнтагону, у 680 мільярдаў даляраў.