Арамаіс Мірак’ян сёньня ўрачыста атрымаў дыплём прэміі «Людзі Свабоды», а пасьля падзяліўся ў сваім фэйсбуку эмоцыямі і дэталямі сваёй гісторыі.
«Наўрад ці камусьці магло прыйсьці ў галаву дваццаць два гады таму, што я буду атрымліваць прэміі, пісаць артыкулы, граць у тэатры. Усё, што казалі лекары маім родным: „Такія дзеці не жывуць доўга, рыхтуйцеся да найгоршага“. Я нарадзіўся шасьцімесячным, вага — 1490 грам» — піша Арамаіс.
Дактары ня верылі, што хлопец будзе жыць, быў моцна пашкоджаны мозг. Бацькам казалі, што хлопец ня зможа хадзіць, размаўляць, пазнаваць родных.
«Дзякуючы шматлікім апэрацыям — змог хадзіць. А мозг, як апынулася, — не закранула ўвогуле», — піша Арамаіс.
Лекары зьдзівіліся, што хлопец адужаў, але найбольшае зьдзіўленьне мэдкамісіі выклікала яго жаданьне паступаць на журфак.
«Ці мог я падумаць, што буду атрымліваць гэтую прэмію, напрыклад, пасьля адной са шматлікіх апэрацыяў, боль пасьля якой здымаўся толькі морфіем? Не, ня мог. І ніхто ня мог. Хацелася здохнуць. А цяпер я радуюся таму, што ня здох».
Арамаіс кажа, што вытрымаць выпрабаваньні дапамагла бабуля.
«Яна — самы блізкі для мяне чалавек, і бачыць, як яна захапляецца маімі посьпехамі — цуд і шчасьце. Яна ня ведае, што такое «Радыё Свабода», ёй няпроста патлумачыць, за што я, па сутнасьці, атрымаў гэтую прэмію, але яна кажа проста «Раз дали, значит, ты вырос хорошим человеком, а это главное. Плохому б не дали». І плача, плача, бясконца плача. Ад шчасьця. Сёньня, напрыклад, зьдзівілася, што там напісана «Менск-Прага». «Из самой Праги человек тебе расписался, ого!»
Прэмія «Людзі Свабоды» ўручаецца ўпершыню. Яе ідэя належыць дырэктару беларускай службы Радыё Свабода Аляксандру Лукашуку. Штогод прэміяй будуць адзначаць людзей, якія пашыраюць межы свабоды для сябе, для Беларусі і для ўсяго сьвету.
Апроч Арамаіса Мірак’яна, сёлета прэмію «Людзі Свабоды-2017» атрымалі Аляксандра Чычыкава, Сяргей Драздоўскі, Кіра Ламейка, Саша Аўдзевіч, Вадзім Ліпінскі, Павал Канавальчык, Мікалай Пясецкі, Анатоль Ганько, а таксама Дзьмітры Цімашкоў разам з дачкой Ліляй.