Паўднёвая Карэя прапануе КНДР правесьці перамовы на высокім узроўні 9 студзеня ў пункце перамоваў Пханмунджом у дэмілітарызаванай зоне паміж краінамі.
Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на заяву міністра па справах нацыянальнага аб’яднаньня Рэспублікі Карэя Чо Мён Гюна. Паводле міністра, такія перамовы павінны палепшыць адносіны паміж дзьвюма краінамі.
Раней у навагоднім звароце лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын заявіў, што Пхэньян адкрыты да дыялёгу з Сэулам і зьбіраецца накіраваць сваю нацыянальную зборную на зімовыя Алімпійскія гульні. Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін вітаў жаданьне Кім Чэн Ына. Паводле паўднёвакарэйскага прэзыдэнта, Алімпіяда дапаможа наблізіцца да міру на Карэйскім паўвостраве. Аргкамітэт Алімпіяды палічыў імкненьне Пхэньяну ўзяць удзел у зімовай Алімпіядзе дэманстрацыяй мірных намераў.
Папярэднія перамовы на ўзроўні намесьнікаў міністраў КНДР і Паўднёвай Карэі адбыліся ў сьнежні 2015 году.