«Зьнікне — і клопату меней». Магілёвец бароніць помнік архітэктуры 19 стагодзьдзя

Помнік архітэктуры ў небясьпецы

У Магілёве помніку архітэктуры 19 стагодзьдзя пагражае зьнішчэньне. Пра гэта кажа старшыня абласной рады Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Ўладзімер Краўчанка.

Актывіст вінаваціць камунальныя службы ў нядбайным стаўленьні да ўнікальнага будынка ў завулку Камісарыяцкім, 17. Каб абараніць дом ад разбурэньня, Уладзімер Краўчанка зьвярнуўся да кіраўніка аблвыканкаму Ўладзімера Даманеўскага і ў пракуратуру Магілёўскай вобласьці.

Стары будынак абжываюць бадзягі

Ад гістарычнай пабудовы да гарвыканкаму — трыста мэтраў. Паводле супрацоўнікаў краязнаўчага музэю, пры канцы 19 стагодзьдзя такімі дамамі забудоўваліся цэлыя гарадзкія раёны. Першы паверх быў мураваны, другі — драўляны з разьблёнымі ўпрыгожаньнямі. Да нашых дзён з аўтэнтычнымі прыкметамі даўнейшых часоў дайшоў толькі адзін такі будынак. На сьцяне — шыльда з надпісам: ахоўваецца дзяржавай. Але, як кажа Ўладзімер Краўчанка, яму пагражае небясьпека.

Тыльны бок дома. Праз крайняе вакно зьлева на першым паверсе ў будынак трапляюць бадзягі

Год таму жыхары адсюль выехалі. Уваходы забітыя дошкамі. Шыбы ў некаторых вокнах выбітыя. Будынак вабіць тых, хто ласы на безгаспадарнае, а таксама бадзяг. У дом яны трапляюць праз адно з разьбітых вокнаў.

«Прыклады разбурэньня помнікаў архітэктуры ўладу ня вучаць»

Уладзімер Краўчанка занепакоены, што бадзягі могуць раскласьці ў доме вогнішча, і ён згарыць. На думку актывіста, у зьнікненьні помніка архітэктуры зацікаўленыя камунальныя службы, бо ім будзе «меней клопату з старым будынкам». У выпадку пажару аднавіць помнік ня ўдасца.

Краўчанка прыгадвае, што сёлета непадалёк згарэў помнік архітэктуры на вуліцы Лазарэнкі. Ад яго засталіся толькі сьцены, бо ён быў мураваны. Згадаў актывіст і тое, як абвалілася нядаўна сьцяна помніка архітэктуры ў Мсьціславе. На ягоную думку, здарылася гэта празь недагляд чыноўнікаў.

Уваход забілі дошкамі. Значыць, абаранілі

Прыклады разбурэньня будынкаў пад аховай, лічыць актывіст, уладу ня вучаць. Да архітэктурнай спадчыны стаўленьне абыякавае, кажа ён.

Таварыства просіць аддаць помнік архітэктуры пад музэй

У 2015 годзе Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры зьвярталася да гарадзкіх уладаў, каб стары дом перадалі грамадзкаму аб’яднаньню дзеля стварэньня ў ім музэю і культурнага цэнтру. Пытаньне абяцалі разглядзець пасьля таго, як будынак выведуць з жылога фонду. У сваіх лістах у пракуратуру і аблвыканкам Краўчанка наракае, што на спробы высьветліць, чаму марудзяць з разглядам ініцыятывы таварыства, магілёўскія чыноўнікі пісьмова не адказваюць.

Усярэдзіне дома гаспадараць бадзягі і тыя, хто ласы на безгаспадарнае

У сваіх зваротах Краўчанка нагадвае: каб прыбраць прылеглую да дому пляцоўку, таварыства склікала талаку. Магілёўцы павысякалі вакол будынка хмызьняк і пазьбіралі сьмецьце.

Камунальнікі: недахопы з аховай помніка будуць ліквідаваныя

У жыльлёва-эксплюатацыйным упраўленьні Ленінскага раёну нам сказалі, што стары будынак нядаўна выведзены з жылога фонду. З заявамі Краўчанкі пра нядбайнае стаўленьне да помніка архітэктуры камунальнікі не згаджаюцца. Настойваюць, што за будынкам глядзяць як мае быць. Паабяцалі выехаць на агледзіны і пры неабходнасьці ліквідаваць недахопы.

Выбітыя шыбы ў вокнах

Высьветліць, ці гатовая мясцовая ўлада перадаць стары дом Таварыству аховы помнікаў гісторыі і культуры, не ўдалося.