Зноў судзяць вялікую групу мытнікаў — цяпер зь Менскай рэгіянальнай мытні

Падсудныя мытнікі Вадзім Лоха (стаіць у клетцы), Аляксандар Красаўцаў (на блізкім пляне) і Ўладзіслаў Гамолка

27 сьнежня ў Цэнтральным раённым судзе Менску пачаўся працэс над вялікай групай мытнікаў зь Менскай рэгіянальнай мытні. Іх абвінавачваюць у хабарніцтве, эпізоды абвінавачаньня ахопліваюць час з 2014 да 2016 году. Таксама на лаве падсудных грамадзяне, якія перадавалі супрацоўнікам мытні грошы за аказаньне паслугаў пры афармленьні грузаў. Працэс абяцае быць доўгім, і, як сказаў адзін з назіральнікаў, «стане чарговай паказальнай карай».

Затрымлівалі нават маладых мам з малымі дзецьмі

З 17 чалавек, якія прадсталі перад судом паводле абвінавачаньня ў атрыманьні ці перадачы хабару, ня менш за 9 — былыя мытнікі. Астатнія падсудныя альбо прадпрымальнікі, альбо супрацоўнікі камэрцыйных структур, якія перавозілі тавары празь мяжу і афармлялі іх на Маладэчанскім мытным пасту або пад Менскам у Калядзічах, дзе ў Менскай рэгіянальнай мытні сваё падразьдзяленьне «Калядзічы-аўто».

Трое з падсудных сядзяць у залі ў жалезнай клетцы. Гэта былыя адказныя мытнікі Аляксандар Красаўцаў, Уладзіслаў Гамолка і Вадзім Лоха. Іх арыштавалі ў 2016 годзе і з таго часу трымаюць пад вартай. Астатнія 14 прыйшлі ў суд самі, зь іх хто пад хатнім арыштам, хто пад падпіскай.

Цікава, што ніхто з падсудных пры ўдакладненьні дадзеных не сказаў, што пазьбег затрыманьня: усе прабылі ў вязьніцы хаця б 2 дні, а некаторыя і 2–3 месяцы, у тым ліку маладыя жанчыны зь дзецьмі.

Яшчэ цікавая дэталь пра склад абвінавачаных — сярод іх аказаліся два родныя браты, дырэктар і намесьнік дырэктара камэрцыйнай фірмы Андрэй і Анатоль Нагорныя. Браты сядзяць на лаве падсудных побач. Убачыўшы фотакамэры, аднолькава закрываюць твары пашпартамі.

Астатнія падсудныя — гэта Аляксандар Бічэўскі, Віталь Аліфяронак, Валер Юдэнка, Галіна Давыдава, Сьвятлана Сёмкіна, Ірына Ліхадзіеўская, Людміла Міхайлоўская, Натальля Анікіна, Аляксандар Міхаленка, Алег Мухін, Юры Хоміч і Людміла Кузьняцова.

Пачынаў з 20 даляраў і «падняўся» да 1100

Пасьля ўдакладненьня дадзеных пракуроры пачалі зачытваць выстаўленыя фігурантам справы абвінавачаньні.

Першым у сьпісе аказаўся былы начальнік Маладэчанскага мытнага пасту Аляксандар Красаўцаў. Паводле сьледзтва, першы раз хабар мытнік атрымаў у лютым 2014 году, калі яшчэ займаў пасаду намесьніка начальніка аддзелу. Атрымаў усяго 200 тысяч недэнамінаваных рублёў (на той час 20 даляраў), прапусьціўшы без належнага кантролю аўтамабіль з грузам.

Другі эпізод — чэрвень 2014 г. Ад падсуднага Алега Мухіна Красаўцаў атрымаў яшчэ 200 тысяч рублёў, потым яшчэ 400 тысяч, потым быў хабар за тое, што прапусьціў без належнага агляду аўтамабілі з грузамі.

У матэрыялах сьледзтва фігуруюць дзіцячае харчаваньне, мэбля, адзежа, электратавары, аўтазапчасткі.

Праз год, паводле сьледчых, Аляксандар Красаўцаў дамовіўся з падсудным Аляксандрам Бічэўскім, што будзе кантраляваць мытнае афармленьне грузаў ды дапаможа ў вырашэньні іншых праблемаў, а за гэта мае атрымліваць рэгулярную грашовую ўзнагароду. Бічэўскі перадаваў мытніку па 50 даляраў некалькі разоў, даводзяць у справе. Вось толькі дзе і калі дакладна адбывалася перадача хабару, сьледчыя чамусьці ня высьветлілі.

«У Менску, дакладны час ня вызначаны, дакладнае месца ня вызначанае», — ня раз гучала ў судзе, калі гаворка ішла пра эпізоды атрыманьня Красаўцавым хабару ў 2015 годзе.

У канцы абвінавачаньня прагучала сума ў 1100 даляраў — пры атрыманьні гэтага хабару, як даводзіць сьледзтва, мытнік быў затрыманы ў траўні 2016 году, і пачала раскручвацца гэтая крымінальная справа.

Што паведамляў пра справу КДБ

Ранейшыя зьвесткі пра справу мытнікаў зь Менскай рэгіянальнай мытні даволі скупыя. У сярэдзіне траўня 2016 году КДБ пацьвердзіў зьвесткі пра затрыманьне чатырох чалавек — сярод іх тры мытнікі і адзін пасярэднік, які раней працаваў на мытні.

Паведамлялася, што былі затрыманыя начальнік Маладэчанскага пасту Менскай рэгіянальнай мытні, які атрымаў хабар у 1100 даляраў, а таксама ягоныя калегі з мытні — намесьнік начальніка аддзелу барацьбы з кантрабандай і супрацоўнік аддзелу тарыфнага рэгуляваньня. Прозьвішчаў затрыманых у КДБ не паведамлялі.

Цяпер, паводле пасадаў, названых у судзе, зразумела, што гэта і былі Аляксандар Красаўцаў, Уладзіслаў Гамолка і Вадзім Лоха, якіх цяпер трымаюць у жалезнай клетцы. Сьледзтва мяркуе, што яны дзейнічалі як арганізаваная група, а значыць, ім пагражае да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Іншым абвінавачаным пагражаюць меншыя пакараньні. Крымінальны кодэкс прадугледжвае таму, хто даваў хабар, але прызнаў віну, грашовы штраф як мінімальнае пакараньне.

У 2017 годзе ў Менску прайшло некалькі судовых працэсаў над супрацоўнікамі Ашмянскай мытні, якіх у выніку прызналі вінаватымі ў атрыманьні хабару ў складзе арганізаваных груп. Усяго за 2017 год было асуджана каля 60 ашмянскіх мытнікаў.

10 гучных карупцыйных спраў 2017 году