Старонка кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава ў Facebook заблякаваная ў сувязі з санкцыямі ЗША. Пра гэта паведамляе партал «Медиазона» са спасылкай на прэс-службу сацыяльнай сеткі.
Паводле прадстаўніка Facebook, кампанія была абавязаная заблякаваць рахунак Кадырава. Прычынай для гэтага стала ўнясеньне кіраўніка Чачні ў сьпіс «грамадзян асаблівых катэгорый і забароненых ЗША асоб».
Афіцыйныя старонкі кіраўніка Чачні ў Instagram і Facebook былі заблякаваныя 23 сьнежня. Раней Кадыраў быў унесены ЗША ў санкцыйны сьпіс паводле так званага «закону Магніцкага». Кадырава абвінавацілі ў датычнасьці да парушэньня правоў чалавека ў рэспубліцы.
Пасьля блякаваньня акаўнтаў у Facebook і Instagram чачэнскі лідэр абвясьціў пра пераход у іншую сацыяльную сетку — Mylistory, якая выглядае як копія старой вэрсіі Instagram у залатым колеры.