«Перамагчы хітрыкамі». Чаму вучаць беларускія гульні

Магілёўцы вучацца гуляць па-беларуску

Фальклярыстка возіць па краіне старадаўнія беларускія гульні, вучыць дзяцей і дарослых добраму голасу, не баяцца грамады і ўнікаць канфліктаў.

Ларыса Рыжкова зь вёскі Міханавічы, што на Меншчыне, кажа Свабодзе, што ў кожнай гульні закладзеная свая мадэль жыцьцёвай сытуацыі.

Ня стала акторкай. Ад вясковае нуды выратаваў фальклёр

У вёску Ларыса Рыжкова трапіла па разьмеркаваньні больш за тры дзясяткі гадоў таму. Жыхарка Віцебску, яна скончыла тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Мастацкая акадэмія) у Менску. Марыла стаць артысткай, але лёс склаўся іначай.

«Паводле складу душы я пачувалася лірычнай гераіняй, — згадвае яна. — Паводле вонкавых дадзеных я была характарная актрыса. У інстытуце мне так і сказалі, што ўва мне разыходзяцца вонкавыя і ўнутраныя дадзеныя. Параілі павучыцца на аддзяленьні культпрасьветработы. Вучылі нас хораша, але па сканчэньні трэба было ехаць у вёску. Гэта для мяне было жахліва, бо пра тэатар, якім я мроіла, там не магло быць і гаворкі».

Фальклярыстка Ларыса Рыжкова

Ад вясковае нуды дзяўчыну і выратаваў фальклёр. У ім яна ўгледзела сапраўднае мастацтва, а пачуўшы сьпевы вясковых кабет, захацела навучыць ім дзяцей. Гульні і сталі сродкам у дасягненьні мэты. Прыдаліся акторскія задаткі. Праз гульню, кажа яна, дзіцяці многае становіцца зразумелым і родным.

«Калі ж чытаць дзятве лекцыі, як шанаваць сваё, дык яны паснуць на такіх занятках», — заўважае фальклярыстка.

Ларыса Рыжкова паспрабавала сілы на тэлевізіі. Вяла раз на месяц фальклёрны цыкль тэлепраграмы «Калыханка». Навучылася расказваць казкі.

Вучыць дзяцей гульням, каб «мядзьведзь» не забраў

28 год таму Ларыса Рыжкова ў Міханавіцкім доме фальклёру стварыла дзіцячы ансамбль «Калыханка». Пэсымістаў, якія сьцьвярджаюць, што немагчыма вярнуць зь нябыту беларускую архаіку, а пагатоў зрабіць яе папулярнай, разам з сваімі гадаванцамі яна пераконвае ў адваротным.

Беларускія гульні міханавіцкай дзятвы бачылі аўстрыйцы, французы, італьянцы ды палякі. Паводле фальклярысткі, іншаземцы таксама з задавальненьнем гулялі па-беларуску.

Ларыса Рыжкова кажа: дапаможнікаў зь беларускімі гульнямі хапае. Ім прысьвечаны, напрыклад, адзін з тамоў акадэмічнай сэрыі «Беларуская народная творчасьць» (укладальнік Алесь Лозка). У ім апублікаваныя гульнявыя сюжэты, тэксты ды ноты да іх.

Фрагмэнт гульні «Макі»

«Сваім калектывам мы ажыўляем апісаныя і адшуканыя намі гульні, — апавядае Ларыса Мікалаеўна. — Дзеці гатовыя гуляць у іх замест рэпэтыцыяў. Куды б мы гэтыя гульні ні вазілі, усюды яны падабаюцца. Ім лёгка вучацца».

Гульні перадаюць тое, як і чым жылі даўней беларусы. У кожнай, тлумачыць Ларыса Рыжкова, свой сэнс і свая жыцьцёвая сытуацыя. Гульні вучаць, як паводзіць сябе ў грамадзе ці ў небясьпецы:

«Напрыклад, у полі. Адзін гулец крычыць другому: „Кума, ці пасеяла ты мак?“ А кума адказвае: „Пасеяла!“. Тут гульня вучыць стасункам паміж вяскоўцамі. Ці яшчэ адна „У мядзьведзя на бару грыбы-ягады бяру“. Удзельнікі ў ёй перагукваюцца, нібыта ў лесе. Перагукі не даюць заблукаць і палохаюць зьвера. Калі ж яго напалохаць не ўдалося, то варта сьцішыцца. Як у гульні: паварушыўся — і цябе „мядзьведзь“ забраў...».

Гульня разьвівае ўласьцівую характару беларуса вёрткасьць

Днямі міханавіцкая фальклярыстка вучыла гуляць па-беларуску магілёўцаў. На майстар-клясу прыйшлі дзеці і дарослыя. Пасьля паўгадзінных заняткаў удзельнікі ўзмакрэлі. Этнапэдагог зьвярнула ўвагу, што гульцы ня маюць задышкі, хоць забавы вымагалі актыўнага руху. Галасы ж удзельнікаў пазванчэлі. Беларускія прыпеўкі зь іхных вуснаў «зьляталі» не завучана, а натуральна.

Магілёўцы вучацца гульнявому выгукваньню

«Беларуская гульня вучыць правільна дыхаць і фармуе голас. У гульні дзіця вучыцца прамаўляць, бо важна быць правільна пачутым, каб іншыя гульцы прынялі слушнае гульнявае рашэньне», — кажа фальклярыстка.

«У гульні голас падаецца інтанацыйна, — тлумачыць яна далей. — У жыцьці ж мы часьцей гаворым роўненька ды плаўненька, зрэдку выкарыстоўваем інтанацыі, якія нібыта і не патрэбныя. А ў гульні інтанацыі абавязковыя».

Гульня вучыць унікаць канфліктаў. Разьвівае ўласьцівую характару беларуса вёрткасьць. Паказвае, што перамагаюць ня толькі «зброяй», але і хітрыкамі.

Паводле фальклярысткі, гульня разбурае створаны на ўзор уяўных ідэалаў «жыцьцёвы» імідж гульца, а паводзіны, дапасаваныя да патрэбаў часу, робіць нязмушанымі. Гулец выбаўляецца ад комплексаў, разьнявольваецца і пачынае адпавядаць свайму прыроднаму характару.

«Цяпер сьвет стаў індывідуалісцкім. Людзі замкнутыя ў самых сябе, — даводзіць суразмоўніца. — Гульня прывучае да адчуваньня, што чалавек ня сам па сабе, а часьціна нечага большага. Гульня вучыць не баяцца грамады».

Гульня вучыць не баяцца грамады

За дзьве гадзіны магілёўцы вывучылі два з паловай дзясяткі гульняў. Найбольш упадабалі гульні «Мак», «Казелінька», «Перапёлачка», «Ваўкі і авечкі», «Трыфан».

Гульня папаўняе лексычны запас. Робіць беларускае сваім

У дапаможніках не адна сотня гульняў, назвы якіх не пакідаюць сумневу, чые яны, — «Гаротнік», «Кравец-шавец», «Да Вільні едуць», «У каменьчыкі», «У рэдзьку», «Гузікі», «Хапанка».

«Беларусам трэба свае гульні ведаць і не забываць, што яны не падобныя на гульні іншых народаў, — цьвердзіць фальклярыстка. — Праз нашу гульню папаўняецца лексычны запас. Яна робіць беларускае сваім. Разьвіваецца вобразнае мысьленьне. Гулец адточвае каардынацыю і зрокавыя магчымасьці. Яшчэ трэба памятаць, што беларуская гульня бязь песенек не гульня».

Дапаможнік па беларускіх гульнях. Іх апісаньне і правілы

Беларуская гульні перажываюць ня лепшыя часы, — з жалем канстатуе Ларыса Мікалаеўна. Сярод настаўнікаў, кажа яна, нямала беларускамоўных або прыхільных да беларускае мовы адмыслоўцаў, якія хацелі б у сваёй працы выкарыстоўваць беларускія гульні, але гэтыя забавы чамусьці са школьных праграмаў «вылятаюць».

«А нашыя гульні рухомыя. У іх шмат беганіны, скокаў, штурханіны. Гэта добрая фізычная нагрузка на цела», — адзначае этнапэдагог.

Да жалю, кажа яна далей, клюбная праца таксама не прапануе гульняў. Клюбнікаў вучаць папсовым формам творчасьці, не зьвязаным зь беларускім мэнталітэтам. Таму беларускія забавы пакуль трымаюцца на энтузіястах.

Гораду беларуская гульня не чужая. Калі ў ім сьпяваюць ды танчаць па-беларуску, дык чаму не прыжывецца і гульня, лічыць Ларыса Мікалаеўна. Напачатку, кажа яна, укараненьне гульні ў гарадзкім асяродзьдзі будзе справай суполак рупліўцаў, якія паволі будуць разрастацца.

«Мы ў сваіх Міханавічах пачалі навучаньне беларускім танцам, і яны становяцца ўсё больш папулярнымі, — ілюструе сваё перакананьне прыкладам фальклярыстка. — Дзеці танчаць і сьпяваюць. У такіх занятках яны знаходзяць сваё, цікавае, таму і хінуцца да гэтага. А чым горшы горад за Міханавічы».