За апошнія 20 гадоў незьлічоную колькасьць разоў даводзілася чуць, чытаць, самому абмяркоўваць і аналізаваць такія загадкавыя зьявы (альбо хімэры?) як «рэфарматары пры ўладзе», «рэфарматарскае крыло», «барацьба рэфарматараў і кансэрватараў ва ўрадзе».
Гэтыя дыскусіі ідуць з рознай ступеньню актыўнасьці і для іх заўсёды ёсьць «падставы», «асобы» і «рашэньні».
Кожны раз у разгар такіх абмеркаваньняў я прапаную задаць сабе некалькі пытаньняў. У Беларусі ёсьць права ўласнасьці? Выконваюцца асноўныя правы чалавека? У нас ёсьць незалежная судовая сыстэма, якая ня судзіць нямых за крыкі на дэманстрацыях? У нас кардынальна расьце працэнт прыватнага бізнэсу? У нас ёсьць выбары? У нас ёсьць падзел уладаў?
І дзеля «кантрольнага стрэлу» варта спытаць самога сябе — а як прозьвішча чалавека, які бесьперашкодна кіруе краінай, прымае ўласныя дэкрэты замест законаў (бо парлямэнт нічога не вырашае), прызначае выканаўчую уладу да раённага ўзроўню і ўсіх судзьдзяў у краіне?
Галоўнае — не асоба таго ці іншага «рэфарматара» ва ўладзе. Галоўнае — у функцыі, якую выконвае сама сыстэма ўлады.
І калі вы дасьце адказы на ўсе гэтыя пытаньні, то зразумееце, што галоўнае — не асоба таго ці іншага «рэфарматара» ва ўладзе. Галоўнае — у функцыі, якую выконвае сама сыстэма ўлады.
Вось, напрыклад, у нейкай краіне існуе структура, задача якой — вылоўліваць палітычных апанэнтаў і зьнішчаць іх. І якія б добрыя людзі ні працавалі ў ёй, як бы яны ні любілі коцікаў і літаратуру, але «рэфарматары» ад «кансэрватараў» у гэтай структуры будуць адрозьнівацца толькі рознымі спосабамі выкананьні задачы. Магчыма, што кансэрватары будуць за традыцыйнае павешаньне, а рэфарматары могуць прапанаваць рабіць сьмяротныя ін’екцыі, каб чалавек перад сьмерцю менш мучыўся.
Дык вось пакуль у Беларусі дзяржава не жадае даваць сваім грамадзянам большыя правы і свабоды, не зьбіраецца шанаваць прыватную ўласнасьць і роўную канкурэнцыю для бізнэсу, не зьбіраецца уводзіць падзел уладаў, незалежныя суды і свабоду прэсы, то ўсе дыскусіі паміж «рэфарматарамі» і «кансэрватарамі», вобразна кажучы, адлюстроўваюць толькі адну дылему — «вешаць» альбо «калоць».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.