Пад Сьветлагорскам людзі выйшлі на стыхійны пратэст супраць кітайскага заводу. ВІДЭА

Ілюстрацыйнае фота.

Жыхары ваколіцаў не пагаджаюцца на суседзтва з цэлюлёзным камбінатам. 25 сьнежня жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст і запатрабавалі вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам», паведамляе Белсат.

Мясцовыя ўлады абяцалі паўтысячы працоўных месцаў, гаварылі пра забеспячэньне патрэбаў краіны ў паперы і пра выгадны экспарт. Аднак жа рэчаіснасьць аказалася інакшай.

Людзі кажуць, што завод, які толькі пачаў працу, па начах выкідае невядомыя рэчыва ў паветра, з з-за чаго літаральна немагчыма дыхаць. Мясцовым жыхарам прыходзіцца зачыняць вокны і як мага менш выходзіць на вуліцы сваёй вёскі.

«Хай сабе працуе гэты завод, але пастаўце хоць нейкія фільтры. Яны ж зрабілі вёску Якімава Слабада далінаю сьмерці», – кажа ўдзельніца стыхійнага мітынгу.

«Мы езьдзім гуляць у Сьветлагорск, бо тут проста невыносна. Калі б ня плястыкавыя вокны я ня ведаю, што б мы рабілі. Смурод стаіць такі, што я ўжо баюся за сваіх дзяцей. А дзявацца нам няма куды», – кажа жанчына, якая прыйшла на пратэст з дзіцём.

Кітайскі завод, які ў свой час быў «даўгабудам», пачалі тэрмінова дабудоўваць да 7 лістапада, бо на адкрыцьцё павінен быў прыехаць сам кіраўнік дзяржавы. Паводле Белсату, самі будаўнікі прызнаваліся, што праз такія кароткія тэрміны якасьць будаўніцтва была не найлепшай.