Мы зь сябрам пачалi пiсаць адначасова. I заўжды разам апыналіся ў рэдакцыйным пакойчыку. Малодшая рэдактарка празвала нас па-добраму Братком Лiсам i Братком Трусом. Як толькi мы зьяўлялiся, яна казала:
— А вось i Браток Лiс з Братком Трусом!
Нам было цiкава, хто з нас хто.
Мы вырашылi зайсьцi па аднаму. I кожны пачуў:
— Дзень добры, Браток!
Паасобку мы сталi Браткамi.
Тады мы спыталi: хто ёсьць хто?
— А вы самi здагадайцеся, — адказала рэдактарка.
Але мы не здагадалiся. Бо ў кожнага з нас было штосьцi ад Лiса і штосьцi ад Труса.
Марат Баскін