Алена Анісім і Ганна Канапацкая заклікалі зарэгістраваць БХД. У Менску прайшоў сёмы ўстаноўчы зьезд партыі

У Менску адбыўся сёмы ўстаноўчы зьезд Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. БХД заклікала Эўразьвяз зрабіць дыялёг зь Беларусьсю больш празрыстым.

Аргкамітэт у справе стварэньня партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя «вітае палітыку адкрытасьці Эўразьвязу і дэмакратычных краін да Беларусі, але разам з тым заклікае да правядзеньня крытычнага дыялёгу, заснаванага на каштоўнасьцях і прыярытэце правоў чалавека».

Пра гэта гаворыцца ў заяве дэлегатаў зьезду.

«Падтрымка, якая вылучаецца ЭЗ для Беларусі, павінна быць перш за ўсё накіраваная на паляпшэньне ўмоў жыцьця беларускага народу, а не на падтрымку і кансэрвацыю дзейнага рэжыму. Для гэтага БХД заклікае ўстановы Эўразьвязу зрабіць дыялёг з Беларуссю больш празрыстым для беларускіх грамадзян, зрабіўшы грамадзянскую супольнасьць краіны паўнавартасным удзельнікам дыялёгу ЭЗ зь Беларусьсю», — гаворыцца ў заяве зьезду пра палітычную сытуацыю.

БХД таксама лічыць неабходным падтрымліваць крытычны дыялёг з прадстаўнікамі беларускіх уладаў «для прасоўваньня дэмакратычных рэформаў, правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі», заклікаючы распрацаваць «ясную дарожную карту перамоў Беларусь-Захад з удзелам незалежнага грамадзтва і палітычнай апазыцыі».

Зьезд абраў чатырох сустаршыняў арганізацыі. Раней аргкамітэт партыі ўзначальвалі тры сустаршыні — Георгій Дзмітрук, Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец. Цяпер зьезд вырашыў пашырыць колькасьць сустаршыняў на яшчэ аднаго чалавека — ім стала Вольга Кавалькова.

Аргкамітэт партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя мае намер сёмы раз падаць дакумэнты на афіцыйную рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі. Адпаведнае рашэньне было прынятае 110 дэлегатамі з розных рэгіёнаў Беларусі.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад дэмакратычных сіл Алена Анісім і Ганна Канапацкая падтрымалі неабходнасьць афіцыйнай рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі аргкамітэту па стварэньні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Пра гэта яны заявілі ў сваіх выступах на зьезьдзе.

Ужо шэсьць разоў БХД беспасьпяхова спрабавала зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі ў якасьці палітычнай партыі. Устаноўчыя зьезды прайшлі ў 2009 годзе, двойчы — у 2010-м, адзін раз — у 2011-м і двойчы — у 2015-м.

Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН.