Прэсавая-сакратарка Дзяржаўнага дэпартамэнту Гэзэр Наўэрт сказала, што вайсковая дапамога павінна дапамагчы Украіне «абараніць свой сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць, а таксама прадухіліць далейшую агрэсію».
У заяве не ўказвацца тып зброі. Але CNN і Associated Press спасылаюцца на ананімнага амэрыканскага чыноўніка, які паведамляе, што ЗША будзе пастаўялць супрацьтанкавыя ракеты Javelin. Акурат гэтага ўзбраеньня даўно дамагалася Ўкраіна. На думку ўкраінскай улады, наяўнасьць амэрыканскіх супрацьтанкавых ракет зьнізіць напружанасьць у адносінах з Крамлём.
Гэзэр Наўэрт сказала, што «амэрыканская дапамога носіць цалкам абарончы характар, а Ўкраіна «зьяўляецца сувэрэннай дзяржавай і мае права абараняць сябе».
«Злучаныя Штаты па-ранейшаму застаюцца прыхільнікамі менскіх пагадненьняў як шляху (па ўрэгуляваньні канфлікту — РС) ва ўсходняй частцы Ўкраіны», — сказала яна, дадаўшы, што Дзяржаўны дэпартамэнт ня будзе даваць далейшых камэнтароў па сытуацыі «ў гэты час».
Заява пра ўзбраеньне для Ўкраіны зьявілася пасьля таго, як Дзяржаўны дэпартамэнт 21 сьнежня паведаміў пра ўхваленьне ліцэнзіі для набыцьця Ўкраінай некаторых відаў лёгкага ўзбраеньня і стралковай зброі ад вытворцаў ЗША.
Гэтая ліцэнзія ўключае паўаўтаматычную і аўтаматычную агнястрэльную зброю да 50 калібру, баявыя драбавікі, глушыцелі, ваенныя прыцэлы, полымягасільнікі і запасных часткі.
Раней выданьне ABC News са спасылкай на крыніцы ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША паведаміла, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвесьціць ухвалены ім плян продажу супрацьтанкавых ракет Украіне. Агульны кошт абароннага пакету складзе 47 мільёнаў даляраў. Ён будзе ўключаць 210 процітанкавых ракет і 35 пускавых установак.