Менскі студэнт кідаў у людзей пэтарды. Яго аштрафавалі за «дробнае хуліганства»

Фота ©Shutterstock

У судзе Першамайскага раёну Менску адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы маладога чалавека, які кідаў з аўтамабіля запаленыя пэтарды ў людзей на прыпынках грамадзкага транспарту.

Здарэньне адбылося ў Менску 17 сьнежня. Уначы наступнага дня карыстальніца Твітэру апублікавала відэа з інстаграм-сторыс, дзе невядомыя кідаюць з аўтамабіля запаленыя пэтарды ў людзей, якія стаяць на прыпынках грамадзкага транспарту.

Па факце здарэньня супрацоўнікі Першамайскага РУУС праводзілі праверку і высьветлілі датычных да здарэньня. Асноўным фігурантам справы стаў 18-гадовы студэнт адной з ВНУ Менску.

Суд Першамайскага раёну Менску аштрафаваў 22 сьнежня маладога чалавека на 460 рублёў паводле адміністрацыйнага артыкула 17.1 «Дробнае хуліганства». Раней ГУУС Менгарвыканкаму заяўляла, што гаворка можа ісьці не пра адміністрацыйную, а пра крымінальную адказнасьць.

Супрацоўнікам міліцыі хлопец сказаў, што кідаў у людзей запаленыя пэтарды, каб пазабаўляцца.