Лукашэнка распавёў прадпрымальнікам, пры якіх умовах быў бы «вечна прэзыдэнтам»

Cустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прадпрымальнікамі

«Калі б уся эканоміка была прыватная, я быў бы вечна прэзыдэнтам», — такую цытату з сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадпрымальнікамі 22 сьнежня прыводзіць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Каля 250 чалавек з розных рэгіёнаў і розных сфэраў прадпрымальніцтва былі запрошаныя на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам 22 сьнежня. Яна працягвалася на паўтары гадзіны даўжэй, чым плянавалася, і больш нагадвала навукова-практычны сэмінар, — кажа прысутны на ёй Яраслаў Раманчук.

«Праграма паседжаньня была зацьверджаная напярэдадні, — кажа эканаміст. — Аляксандар Лукашэнка зрабіў першы даклад. Казаў пра тое, што ён зрабіў — дэкрэт № 7, што падпісаў дэкрэт аб разьвіцьці IT, што гатовы да дыялёгу па разьвіцьці прадпрымальніцтва. Выступаў недзе 50 хвілін, пасьля пачаліся тыя выступы, якія былі зацьверджаныя».

Сэнсацый, паводле Яраслава Раманчука, не адбылося, але адна рэч яго

Яраслаў Раманчук

ўразіла.

«Ён сказаў: «Калі б уся эканоміка была прыватная, я быў бы вечным прэзыдэнтам», — згадвае ён.
«Такім чынам ён кажа, што ня супраць прыватнай уласнасьці, — інтэрпрэтуе экспэрт словы Аляксандра Лукашэнкі. — Але гэты тэзіс аніяк не падмацаваны ані праектам прыватызацыі, ані тым, што адбываецца ў нашай краіне».

Зацьверджаныя выступы, кажа Раманчук, на 99% падтрымлівалі дзеяньні дзяржавы ў сфэры рэформаў заканадаўства ў адносінах да прадпрымальніцтва.

«Толькі Ўладзімер Карагін (старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва. — РС) напрыканцы за 5 хвілін сказаў пра неабходнасьць дыялёгу, паляпшэньня працы судоў і абароны правоў уласнасьці», — дадае Раманчук.

Паводле яго, на сустрэчы шмат гаварылі пра тое, што зрабілі ўлады, але зусім нічога пра тое, чаго не было зроблена і што зрабіць неабходна. А зрабіць, на думку экспэрта, трэба наступнае:

«Трэба, каб у заканадаўстве не было такога паняцьця, як ілжэпрадпрымальніцтва. А яно ёсьць, — кажа Раманчук. — Ёсьць дзясяткі розных заканадаўчых актаў, якія на свой лад інтэрпрэтуюцца чыноўнікамі, судамі супраць прадпрымальнікаў».

Апроч гэтага, не зьліквідаваная субсыдыярная адказнасьць, ня зьменшаны падатковы цяжар.

«Самыя велізарныя балячкі засталіся», — рэзюмуе Яраслаў Раманчук.
На гэтым жа паседжаньні Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра падпісаньне дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі». На думку Раманчука, такія ж умовы, як у сфэры IT, цяпер павінны быць створаныя і для сярэдняга і малога бізнэсу.

«Вельмі хацелася б, каб такая ж вольніца была для ўсёй эканомікі, — кажа эканаміст Яраслаў Раманчук. — Але пра гэта размова яшчэ не ідзе».

«Больш няма перашкодаў для бізнэсу». Пра што Лукашэнка казаў на сустрэчы з прадпрымальнікамі​