Экспэрт па справе «Рэгнуму»: «Беларуская мова — не дыялект». 5-ы дзень працэсу

Суд над аўтарамі расейскага сайту Regnum. На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Менск, Фота 18 сьнежня 2017 году

У Менскім гарадзкім судзе працягваецца працэс па справе аўтараў агенцтва «Рэгнум», які пачаўся 18 сьнежня.

22 сьнежня ў суд для допыту была выкліканая Алена Іванова, якая рабіла экспэртнае заключэньне па артыкуле «Беларусь выходзіць з расейскага сьвету цішком з улікам украінскага досьведу» ды іншых артыкулах Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнкі. Аўтараў абвінавачваюць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, ім пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

Што такое РЭК і як яна працуе?

Алена Іванова працуе ва ўстанове «Нацыянальная кніжная палата». З 2014 году Іванова таксама ўваходзіць у склад Рэспубліканскай экспэртнай камісіі (РЭК) пры Міністэрстве інфармацыі і праводзіць экспэртызу адносна наяўнасьці ў інфармацыйнай прадукцыі прыкметаў экстрэмізму. У камісіі 21 чалец, сёлета Іванова яе ўзначаліла.

Яна скончыла ўнівэрсытэт культуры, паводле адукацыі спэцыяліст у бібліятэчнай справе. Мікалай Хлебавец, адвакат падсуднага Алімкіна, пацікавіўся, ці хапала ёй адукацыі і ведаў для экспэртнага заключэньня па тэмах артыкулаў аўтараў «Рэгнум».

Падсудныя ў клетцы. Падчас суду 18 сьнежня 2017 году

Алена Іванова адказала, што для сябраў камісіі праводзяць дадатковыя навучаньні, а вось «адмысловых курсаў па экстрэмізме ў Беларусі няма». Паводле яе, заяўку на экспэртызу той ці іншай інфармацыйнай прадукцыі РЭК атрымлівае зь Міністэрства інфармацыі, яе падпісвае міністар ці ягоны намесьнік. На выпрацоўку заключэньня звычайна даецца 30-50 дзён, магчымая яшчэ дапрацоўваньне цягам 10 дзён.

Як непасрэдна праходзіла паседжаньне камісіі, калі ўпершыню разглядалі артыкул з «Рэгнуму», яна ня памятае. Паводле палажэньня, галасаваць можна толькі «за» ці «адправіць на дапрацоўку». Іванова сказала, што рашэньне камісіі можна абскардзіць ў судзе, але такіх выпадкаў не было.

Экспэрт прызнала, што беларускіх мэтодык вызначэньня экстрэмізму няма, яна карысталася расейскімі. У тэксьце яе заключэньня былі спасылкі на крыніцы, але яны па тэхнічных прычынах у канчатковае заключэньне ня трапілі.

Экспэрт: «Беларуская — мова тытульнай нацыі, а не дыялект расейскай»

Алена Іванова сказала суду, што ў лістападзе 2016 году, калі яна праводзіла экспэртызу артыкулу Алы Бронь «Беларусь выходзіць з расейскага сьвету цішком з улікам украінскага досьведу», яна была таксама сакратаром камісіі. Палажэньню аб камісіі гэта не супярэчыць.

Што экспэрт памятае пра той артыкул? Сьледзтва мяркуе, што сапраўдным аўтарам ёсьць Дзьмітрый Алімкін.

Дзьмітрый Алімкін. 18 сьнежня 2017 году

Гаворка ішла пра беларускую мову, што яна «нікому не патрэбная, акрамя звар’яцелай улады», згадала экспэрт. На падставе гэтага РЭК зрабіла выснову аб прыніжэньні нацыянальнай годнасьці беларусаў.

«Гэта зьнявага, калі аўтар напісаў, нібыта беларуская мова ёсьць дыялектам расейскай. Беларуская мова гэта самастойная мова, мова тытульнай нацыі», — заявіла Алена Іванова.

Абаронца спытала, якім чынам вызначаецца, хто з экспэртаў менавіта будзе рабіць экспэртызу? Алена Іванова адказала, што вырашае старшыня камісіі, прычым няма мэханізму, які б дазваляў адмовіцца ад даручэньня са спасылкай на некампэтэнтнасьць.

Адвакатка Марчук пацікавілася, ці магчыма ўжываць расейскую мэтодыку для вызначэньня экстрэмізму, калі ў Беларусі і Расеі ў гэтай галіне рознае заканадаўства? Экспэрту гэта вядома, але, паколькі беларускіх мэтодык няма, вымушаныя ўжываць расейскія.

Іванова ўдакладняе, што РЭК не вырашае за суд, ці ёсьць экстрэмізм у той ці іншай інфармацыйнай прадукцыі, а толькі вызначае, ці ёсьць прыкметы экстрэмізму. Пры гэтым адказнасьць за рашэньне экспэрта законам ня вызначаная.

Які экстрэмізм РЭК знайшла ў артыкулах Паўлаўца

Алена Іванова паведаміла суду, што ня памятае, хто непасрэдна даваў загад на правядзеньне экспэртызы артыкулаў Юрыя Паўлаўца. Таксама ня памятае, ці паведамлялі сябрам РЭК загадзя, колькі будзе артыкулаў для экспэртызы і якой была дыскусія.

«Яркіх момантаў не запомніла, прайшоў ужо год. Памятаю, што прагаласавалі ўсе аднагалосна», — сказала Іванова.

Юры Паўлавец у судзе, 18 сьнежня 2017 году

Сама яна не афармляла экспэртнае заключэньне па артыкулах Паўлаўца, хоць была сакратаром камісіі. Па яе словах, гэта рабілі ў міністэрстве.

Згадала, што ў артыкулах Юрыя Паўлаўца камісія ўгледзела прыкмету экстрэмізму ў выглядзе «прапаганды распальваньня міжнацыянальнай варожасьці».

Адвакатка папрасіла згадаць, пра што быў артыкул Паўлаўца «Як канструявалася беларуская ідэнтычнасьць» і папрасіла прывесьці цытаты. «Там казалася пра тутэйшасьць беларусаў, іх абыякавасьць, нацыянальны нігілізм», — згадала экспэрт.

«А ці можна прывесьці прыклады ілжывай інфармацыі ў артыкуле Паўлаўца, як сьцьвярджаецца ў заключэньні?» — запытала ў сваю чаргу Марыя Ігнаценка, адвакатка Шыптэнкі.

Іванова ўказала на недакладныя лічбы статыстыкі, якія Паўлавец выкарыстоўваў артыкулах пра нацыянальную ідэнтычнасьць. Пры гэтым прызнала, што ў заключэньні РЭК з-за «тэхнічнай памылкі» лічба 85,6% аказалася замененай на 86,5%. «У яго «ілжывая інфармацыя» , а ў вас — «тэхнічная памылка»? — адрэагавала адвакатка Ігнаценка.

Ці былі прэцэдэнты перагляду экспэртнага заключэньня? — працягнула далей абаронца. Экспэрт Іванова такога не згадала. Патлумачыла, што тэрміналёгію «экстрэмізм» яна вызначае паводле таго, як напісана ў законе.

Спрэчку спыніў судзьдзя, які сказаў, што адказ атрыманы.

Пракурор

Паўлавец аспрэчыў экспэрта: «Я не прыніжаў беларусаў»

У экспэртызе артыкулу «Як канструявалася беларуская ідэнтычнасьць» вырашана, што аўтар прынізіў усіх беларусаў, калі напісаў, што «большая частка беларускага грамадзтва» нібыта палітычна непісьменная.

«Гэта нэгатыўнае выказваньне на адрас беларускага грамадзтва», — настойвала ў судзе экспэрт Алена Іванова. Пасудны Юры Паўлавец з гэтым не пагадзіўся. Паводле аўтара, калі ён пісаў пра частку беларусаў, гэта ня тычылася ўсяго беларускага народу.

Таксама Паўлавец ня згодны, што ён лічыць гісторыю Беларусі мітычнай, як сьцьвярджала экспэртыза.

Экспэрт паўтарыла сваю выснову, што Паўлавец абвінаваціў Лукашэнку ў «выкарыстаньні беларусізацыі для падвышэньня палітычнага рэйтынгу». «Атрымліваецца, вы папракаеце беларусаў, што яны праводзяць тут беларусізацыю», — зазначыла экспэрт Іванова пра тую частку артыкула Паўлаўца, дзе ён піша пра замену таблічак з назвамі вуліц з расейскіх на беларускія.

Ці дрэнна, што замянілі георгіеўскія стужкі?

А што наконт замены ў Беларусі георгіеўскіх стужак на чырвона-зялёныя падчас сьвяткаваньня Дня Перамогі? «Дзе я напісаў, што гэта дрэнна?» — запытаў Паўлавец.

Паводле Алены Івановай, якраз аўтар «Рэгнуму» ўбачыў нэгатыў у замене стужак, чым пацьвердзіў нібыта адыход Беларусі ад Расеі, а да яго «нікому ў галаву гэта не прыходзіла».

Таксама, паводле экспэрта, гэта тычыцца распаўсюду вышыванак, замены таблічак і надпісаў у мэтро. Тут няма прыкметаў варожасьці да Расеі, але аўтар менавіта так падае гэтыя факты, мяркуе экспэрт.

Паўлавец перапытаў, што можа быць дрэннага для расейска-беларускіх адносінаў ад ягоных артыкулаў. «Гэта можа сапсаваць адносіны, бо ў Расеі грамадзяне могуць успрыняць нэгатыўна», — адказала экспэрт.

Паводле Алены Івановай, пра факты, згаданыя Паўлаўцом у артыкулах, можна паведамляць, але зь іншай пазыцыі, «нэўтральна альбо пазытыўна».

Шыптэнка: «Затое я памятаю, як мяне кінулі на нары»

Падсудны Сяргей Шыптэнка змог атрымаць ад Алены Івановай прызнаньне, што ў экспэртнай камісіі няма спэцыялістаў, якія валодаюць адмысловымі ведамі ў экстрэмізьме. «Ёсьць філёлягі, лінгвісты», — паведаміла яна.

Сяргей Шыптэнка. 18 сьнежня 2017 году

Адвакаты падсудных запатрабавалі зачытаць частку пратаколу допыту Івановай, якую дапытвалі як сьведку падчас папярэдняга расьсьледаваньня. Паводле адвакатаў, у тых паказаньнях ёсьць разыходжаньні з тым, што сёньня яна казала суду. Алена Іванова патлумачыла разыходжаньні проста: тады яна як сакратар ведала пра дзейнасьць камісіі менш, чым цяпер, калі ўзначаліла камісію. Разыходжаньні ў датах, якія адвакаты знайшлі ў матэрыялах справы, экспэрт патлумачыла тэхнічнымі памылкамі.

У канцы паседжаньня Сяргей Шыптэнка запытаў экспэрта пра тое, як праходзіла экспэртыза па ягоных артыкулах. Алена Іванова адказала, што ня памятае дакладна той экспэртызы.

«Затое я добра памятаю, як мяне на падставе вашай экспэртызы кінулі на нары», — пракамэнтаваў адказ падсудны.

Наступнае паседжаньне па справе аўтараў «Рэгнуму» адбудзецца ў аўторак 26 сьнежня.

За што судзяць аўтараў Regnum. Цытаты з артыкулаў

Што вядома пра фігурантаў справы Regnum

«Рэгнумаўцы» ў судзе: «Дыктатура перасьледуе нас па палітычных меркаваньнях»

Ці трэба саджаць за нелюбоў да Беларусі. 5 тэзаў Карбалевіча і Цыганкова