Барацьба зь ялінкамі, маскі меншавікоў і шэсьце з паходнямі. Як у Беларусі ваявалі з Калядамі

Ілюстрацыйнае фота. Камуністычныя Каляды ў Петраградзе

З народным сьвяткаваньнем Калядаў яшчэ ў Сярэднявеччы змагалася царква. Амаль тысячагадовая барацьба не дала плёну. Пасьля бальшавіцкага перавароту, у рамках змаганьня з забабонамі і рэлігіяй, з Калядамі спрабавалі змагацца камуністы.

Вяскоўцы калядуюць у вёсцы Вярховічы Камянецкага раёну

«Бесаўство» і «элінства»

Каляды маюць дахрысьціянскія карані. Сьвята, прысьвечанае зімоваму сонцавароту, павароту сонца зь зімы да лета, — галоўнае ў гадавым коле. У архаічнай культуры ў гэты час сьвяткаваўся ня толькі Новы год, а ў шырэйшым сэнсе — стварэньне новага сусьвету.

Царква жорстка выступала супраць абрадавага пераапрананьня калядоўшчыкаў. Галоўная рыса гэтага абраду — ужываньне рэчаў наадварот і не па прызначэньні. Мяняліся месцамі верх і ніз, правае і левае, мужчынскае і жаночае, што выкрывалася царкоўнікамі як «бесаўство і элінства». Маскі сустракаліся самыя розныя, але заўсёды пераапраналіся ў «чужых», то бок людзей, якія статусна, прафэсійна, этнічна ці канфэсійна адрозьніваліся ад «сваіх» — сялян-беларусаў. Барацьба царквы супраць традыцыйных Калядаў працягваецца ад зьяўленьня хрысьціянства на беларускіх землях.

Ірына Махоўская

Пасьля бальшавіцкага перавароту 1917 году зьнішчыць народную і рэлігійную традыцыі сьвяткаваньня Калядаў у Беларусі паспрабавалі бальшавікі. Пра гэта Свабодзе распавядае антраполяг, выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ірына Махоўская.

Каляндар і замена сьвятаў

Прапагандысцкі плякат

​З прыходам да ўлады бальшавікоў зьяўляюцца і новыя тэндэнцыі ў сьвяткаваньні Калядаў. 24 сьнежня 1918 году быў зацьверджаны «Дэкрэт аб увядзеньні заходнеэўрапейскага календара». Замест юліянскага ўводзіўся грыгарыянскі.

«У каляднай двухтыднёвай абраднасьці вылучаюцца тры кульмінацыйныя моманты — тры куцьці, якія маркіравалі пачатак, сярэдзіну і заканчэньне сьвяточнага пэрыяду. Першая — Посная, Бедная, Галодная ці Вялікая куцьця — адзначалася напярэдадні Раства Хрыстовага 24 сьнежня/6 лютага. Другая — Шчодрая, Багатая, Тоўстая куцьця, адзначалася напярэдадні Новага году 31 сьнежня/13 студзеня. І трэцяя — Вадапосная, Галодная, Хрышчэнская куцьця, адзначалася напярэдадні Вадохрышча», — кажа Ірына Махоўская.

Каляды разам зь іншымі абрадамі былі абвешчаныя царкоўнымі забабонамі, перажыткам цёмнага мінулага, зь якім трэба змагацца.

«Гэта быў вельмі важны крок у вынішчэньні рэлігійнасьці, які паўплываў на трансфармацыю сьвятаў. Былі адмененыя выходныя дні на Вадохрышча, на Тры каралі ў каталіцкай традыцыі. Замест гэтага быў уведзены выходны дзень 8 лістапада. Дэкрэт Савету народных камісараў 2 сьнежня 1918 году ўсталёўваў савецкія сьвяты, у тым ліку — Новы год 1 студзеня», — кажа антраполяг.

Царкоўныя сьвяты наўпрост не забараняліся, бо, па-першае, асноўную масу насельніцтва складалі вернікі, а па-другое, не было сфармаваных ідэяў, чым іх замяніць.

«Чырвоныя каляды»

У 1920-я гады пачынаецца барацьба з рэлігійнасьцю. Пад агульную плынь трапілі і Каляды.

Мэтай прапаганды была замена царкоўных сьвятаў «чырвоным рытуалам». Выдаваліся шматлікія цыркуляры і брашуры са сцэнарамі новых сьвятаў. Новыя формы абраднасьці рэкамэндавалася шукаць у старажытнай Грэцыі.

Кадр з савецкага фільм "Суровы юнак"

«На пачатку 1920-х гадоў пачалі ладзіць „чырвоныя Каляды“ ці камсьвяткі (камсамольскія сьвяткі). Такія сьвяты ўключалі, сярод іншага, чытаньне дакладаў і прамоў, якія выкрывалі эканамічныя карані буржуазных калядных сьвятаў. Ставіліся спэктаклі, сатырычныя палітычныя інсцэніроўкі, ладзіліся вулічныя шэсьці, а на царкоўныя матывы сьпяваліся камсамольскія песьні», — кажа Ірына Махоўская.

Як і ў традыцыйных калядах, у «чырвоных» ладзілі карнавал зь пераапрананьнем, але тут замест традыцыйных «чужых» сустракаліся строі Антанты, Калчака, нэпмана, эсэра, меншавіка ды іншых.

Адно з такіх сьвятаў, паводле Махоўскай, ладзілася ў менскім клюбе «Чырвоны шлях». Там інсцэніравалася падрыхтоўка да антырэлігійнага карнавалу і бойка з эсэрамі і меншавікамі, якія нібыта перашкаджалі сьвяту. Далей былі танцы вакол зрынутых багоў і касьцюмаванае шэсьце з паходнямі ў кірунку плошчы Свабоды. Аналягічным чынам праводзіліся сьвяты і ў іншых гарадах.

«Чырвоныя каляды» былі замацаваныя за камсамольскімі ячэйкамі. Але праіснавалі яны нядоўга. Празь некалькі год пачала гучаць крытыка іх вузкай «антыпапоўскай» скіраванасьці і адсутнасьці раскрыцьця «клясавай сутнасьці і контрарэвалюцыйнасьці рэлігіі». Пры гэтым працягваўся наступ на рэлігію і барацьба з царкоўнымі сьвятамі.

Рэпрэсаваная ялінка

Разам з Калядамі пад фактычную забарону да канца 1920-х гадоў трапляе навагодняя ялінка. Прапаганда сьцьвярджала, што ў краіне ўсё больш сьвядомых людзей, і яны амаль не набываюць ялінкі на кірмашах. Маўляў, людзі адышлі ад цемрашальства і цалкам сьвядома сьвяткуюць правільныя камуністычныя сьвяты.

«Наўпрост забароны не было. Але не было, напрыклад, ранішнікаў для дзяцей зь ялінкай. Трэба сказаць, што ялінка — гэта была абсалютная гарадзкая традыцыя. А на беларускай вёсцы людзі вешалі пад столь саламянага павука. Ад цёплага духу печкі або скразьняку ён круціўся. Было вельмі шмат спосабаў пляценьня, і яны былі вельмі прыгожыя. Таму на Каляды ставілі павука», — кажа Ірына Махоўская.

Паводле Ірыны Махоўскай, «рэабілітуюць» ялінку толькі ў 1935 годзе, калі ў газэце «Праўда» зьяўляецца артыкул з асуджэньнем «левых загібшчыкаў», якія няправільна інтэрпрэтавалі дзіцячую забаву як буржуазную традыцыю. Вяртаньне ялінкі адбылося пасьля заявы Сталіна на нарадзе стаханаўцаў пра тое, што «жыць стала лепей, жыць стала весялей». Менавіта ялінка была пакліканая праілюстраваць заяўленую весялосьць.

«Было рэкамэндавана тэрмінова арганізаваць калектыўныя ялінкі для дзяцей. Замест віфлеемскай на ёй была ўжо чырвоная зорка. Гэта ўжо быў ідэалягічна пастаўлены карнавал. У конкурсе строяў перамагалі ідэалягічна правільныя. Галоўнай была ідэалёгія», — кажа антраполяг.

Але палітычныя падзеі збольшага тычыліся гарадзкіх Калядаў. На вёсцы гэты ўплыў быў значна меней заўважны, і сьвята яшчэ доўгі час захоўвала традыцыйныя рысы — такія, як куцьця, калядаваньне, памінаньне продкаў.

Гэтак выглядае беларускі “павук”

Нягледзячы на дзеяньні ўлады, народная традыцыя аказалася вельмі ўстойлівай. Зьмяняцца Каляды пачалі тады, калі ў беларускую вёску прыйшла мадэрнасьць. Калі ва ўмовах урбанізацыі і разьвіцьця індустрыі зьнікла малая і замкнёная сельская грамада як асноўная сацыяльная адзінка традыцыйнага грамадзтва. Калі моладзь пачала зьяжджаць у гарады, зьмянілася глеба, на якой базавалася традыцыйная культура, а разам зь ёю і традыцыйныя Каляды.