У Беларусі зьявіцца псыхалягічная і псыхатэрапэўтычная дапамога анкапацыентам. Прычым даступная для хворых на рак і для іхніх блізкіх ня толькі ў сталіцы і вялікіх гарадах, але і ў райцэнтрах, куды можа даехаць і вясковы жыхар.
Якімі словамі паведаміць чалавеку і ягоным родным пра анкалягічны дыягназ? Куды ісьці, да каго зьвярнуцца пасьля таго, як анкапацыента праапэравалі і выпісалі са шпіталя? І наагул, як жыць з анкалягічным захворваньнем — слухацца лекара і выконваць усе ягоныя рэкамэндацыі, самому настроіцца на перамогу над хваробай, ісьці да экстрасэнса, апусьціць рукі і даверыцца лёсу?
Гэтыя праблемы абмяркоўвалі на мэдыясьняданку з журналістамі псыхіятры, псыхолягі і анкапацыенты.
«З 16 псыхолягаў і псыхатэрапэўтаў з анкапацыентамі засталося працаваць толькі двое»
Кіраўніца Цэнтру падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцьця» Ірына Жыхар нядаўна перанесла трэцюю анкалягічную апэрацыю — на шчытападобнай залозе. Ірына ўжо навучылася наноў размаўляць, перажывае толькі, што пакуль ня можа сьпяваць.
А першы анкалягічны дыягназ ёй паставілі яшчэ ў 1994 годзе — рак калявушной залозы. Ірына яго перамагла. У 2008-м хвароба вярнулася — гэтым разам быў рак малочнай залозы. І яго Ірыне ўдалося перамагчы. І тады, шмат кантактуючы з хворымі на анкалёгію, яна зразумела, што такім людзям не хапае «голасу вылекаванага пацыента». У 2011 годзе Ірына Жыхар стварыла сацыяльна-асьветніцкую ўстанову — Цэнтар падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцьця».
Як чалавек, які сам перажыў такую сытуацыю, яна разумела, наколькі гэта важна — каб чалавек не адчуваў сябе самотна, вярнуўшыся дахаты. Асабліва актуальная гэтая праблема для малых гарадоў і вёсак. Для гэтага патрэбныя псыхолягі, якія б маглі працаваць з такой спэцыфічнай групай — анкапацыентамі.
«І мы набралі першы курс — 16 чалавек. Прыцягнулі розных псыхолягаў і псыхатэрапэўтаў, якія працавалі ў шпіталях. Палова зь іх, толькі сутыкнуўшыся з анкапацыентамі, адразу ж сказала, што яны не гатовыя працаваць. Цяпер з той групы засталося працаваць толькі двое псыхолягаў», — кажа Ірына пра першы досьвед падрыхтоўкі адмыслоўцаў.
Псыхатэрапэўт — чалавек з мэдычнай адукацыяй, а псыхоляг — не, таму ў сілу спэцыфікі мэдычнай і гуманітарнай адукацыі ўзьнікалі непаразуменьні. Цяпер прышлі да высновы, што трэба стварыць прафэсійную сыстэму адукацыі псыхолягаў і псыхатэрапэўтаў, якія будуць працаваць з анкапацыентамі. На дапамогу прыйшлі спэцыялісты Рэспубліканскага навукова-дасьледчага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава — РНПЦ мае ліцэнзію на адукацыю. Падключыўся і Інстытут псыхалёгіі БДПУ імя Танка.
«Пацыент заўсёды верыць хірургу, а псыхіятар яму павінен спадабацца»
Псыхіятар, псыхатэрапэўт, кіраўніца псыхалягічнай службы РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава Кацярына Аверкава распрацавала аўтарскую праграму навучаньня анкапсыхолягаў, а таксама курс павышэньня кваліфікацыі для псыхолягаў, псыхіятраў.
«Наш курс разьлічаны не на лекараў-анколягаў, а менавіта на псыхіятраў і псыхатэрапэўтаў. Натуральна, у вёсцы няма псыхоляга, у лепшым выпадку ў райцэнтры ёсьць псыхіятар. На дзяржаўным узроўні створана сыстэма псыхіятрычнай дапамогі, і мы б маглі выкарыстаць гэтую сетку і навучыць людзей мэтодыкам працы з анкахворымі», — кажа Кацярына Аверкава.
Але і тут ня так усё проста. Ня ўсе могуць працаваць з анкапацыентамі — гэта надзвычай цяжка, перш за ўсё маральна. Пацыент заўсёды верыць хірургу, а псыхіятар павінен спадабацца, каб да яго ў пацыента быў давер.
«Агульная мэта — каб інтарэсы і сымпатыі псыхіятра і пацыента супалі. У псыхалёгіі важная ня тэхніка, а асоба. Чалавеку з анкалягічным дыягназам патрэбна псыхасацыяльнае суправаджэньне», — перакананая Кацярына Аверкава.
Самыя складаныя ў працы з анкапацыентамі два моманты. Першы — паведаміць пра страшны дыягназ, знайсьці правільныя словы. І другі — калі пасьля апэрацыі чалавек застаецца сам-насам са сваімі праблемамі.
На пытаньне журналістаў, якімі павінны быць гэтыя словы доктара пра дыягназ, лекар-псыхіятар адказала, што ўнівэрсальнага рэцэпта няма. На другое пытаньне — якая рэакцыя пацыента правільная? — Кацярына Аверкава адказала, што любая рэакцыя правільная, бо яна першая: і сьлёзы, і злосьць, і абыякавасьць.
«Ніхто ня ведае, як чалавек зрэагуе. Тут галоўнае, каб чалавек, які сутыкнуўся з анкалёгіяй, ведаў, да каго зьвярнуцца. У яго павінен быць выбар, куды пайсьці. Таму павінна быць інфармацыя пра псыхалягічную і псыхіятрычную дапамогу. Таму на сайце і Цэнтру падтрымкі анкапацыентаў „У імя жыцьця“, і на сайце РНПЦ анкалёгіі павінна быць інфармацыя, дзе працуюць з анкапацыентамі», — перакананая Кацярына Аверкава.
Яна адзначыла, што сярод мужчын-анкапацыентаў суіцыды здараюцца ў 4 разы часьцей, чым сярод жанчын. А цяжэй за ўсё працаваць з анкапацыентамі-лекарамі.
«Сям’і анкапацыента неабходная псыхалягічная дапамога ня меншая, чым хвораму»
Прафэсар Інстытуту псыхалёгіі БДПУ імя Танка Леанід Пэргамэншчык кажа, што крызісная псыхалёгія зарадзілася ў Беларусі ў параўнаньні зь іншымі краінамі даволі позна — пасьля чарнобыльскай катастрофы. І чарнобыльская праблема насамрэч не мэдычная, а псыхалягічная.
«Крызісная псыхалёгія павінна навучыць, як жыць пасьля траўмы. У нас быццам бы спакойная краіна. Але часам зьяўляюцца сур’ёзныя інцыдэнты: то закладнікі ў дзіцячым садку, то трагедыя на Нямізе, то катастрофа самалёта зь беларускімі лётчыкамі ў Самалі, то дах абрынуўся ў Краснапольскай школе. І прыйшло нарэшце разуменьне, што трэба вучыць людзей, як паводзіць сябе ў складанай сытуацыі. І тэрміну „анкапсыхалёгія“ раней не было. Сама інфармацыя, што ў сям’і зьявіўся анкахворы — траўма для сям’і. Сям’і трэба аказваць дапамогу ня меншую, чым хвораму», — кажа Леанід Пэргамэншчык.
У крызіснай псыхалёгіі ёсьць кірунак: калі чалавек сустрэўся зь бядой, яму неабходна прапанаваць супрацоўніцтва — роўны дапамагае роўнаму. Таму так важная падтрымка людзей, якія самі пераадолелі хваробу ці змагаюцца зь ёй. Менавіта з гэтай прычыны і аб’ядналіся анкапацыенты, псыхіятры, псыхатэрапэўты, псыхолягі.
Штогод у Беларусі зьяўляецца каля 50 тысяч новых хворых на рак. На ўліку ў анкадыспансэрах краіны кожны 37-ы беларус — каля 270 тысяч чалавек.