Найперш, гэтая норма будзе распаўсюджаная на грамадзян Расейскай Федэрацыі. Ад сёньня 157 дзеючых ва Ўкраіне памежных пунктаў пропуску абсталяваныя сродкамі для счытваньня інфармацыі зь біямэтрычных дакумэнтаў і зьняцьця адбіткаў пальцаў, а 126 пунктаў пропуску ўжо маюць наўпроставае падключэньне да баз дадзеных Інтэрполу.
З гэтай краіны трапляюць і шпіёны, і дывэрсанты, і правакатары.
«Кабмін на даручэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны зацьвердзіў пералік краін міграцыйнай рызыкі і, безумоўна, сярод усіх краін найбольш праблемнай ёсьць Расея. З гэтай краіны трапляюць і шпіёны, і дывэрсанты, і правакатары. З наступнага году гэтая праблема будзе вырашацца», — заявіў сёньня сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Аляксандар Турчынаў у часе прэзэнтацыі ў Кіеве сыстэмы біямэтрычнага кантролю на мяжы.
Апроч таго, Міністэрства ўнутраных спраў Украіны ўводзіць сыстэму фіксацыі знаходжаньня на тэрыторыі краіны грамадзян, якія прыбылі з краін міграцыйнай рызыкі. «З увядзеньнем гэтай сыстэмы мы абараняем сябе ад сумнеўных асоб з краін Азіі, Блізкага Ўсходу, Расейскай Фэдэрацыі. Сьпіс будзе стала адсочвацца, і Рада нацбясьпекі будзе ўхваляць адпаведныя рашэньні», — дадаў міністар унутраных спраў Арсэн Авакаў.
Мы абараняем сябе ад сумнеўных асоб з краін Азіі, Блізкага Ўсходу, Расейскай Фэдэрацыі.
Цяпер у сьпіс краін міграцыйнай рызыкі ўключаныя 70 краін, у тым ліку тры краіны СНД — Расея, Таджыкістан і Кіргізстан. Такія меры кантролю на мяжы ў дачыненьні да грамадзян іншых краін будуць распаўсюджвацца па выніках аналізу усіх рызыкаў.
Раней паведамлялася, што біямэтрычны кантроль на мяжы Ўкраіны закране ўсіх замежных грамадзян. У ліпені у Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны заявілі пра неабходнасьць дадатковых перамоў на гэты конт з шэрагам дзяржаў, зь якімі цяпер краіна мае пагадненьні пра бязьвізавы рэжым, у тым ліку і зь Беларусьсю.