24 сьнежня зьявіцца мэмарыяльная дошка на доме, дзе жыў Рыгор Барадулін

Рыгор Барадулін, фота Сяргея Шапрана

24 сьнежня адбудзецца адкрыцьцё памятнай дошкі на доме ў Менску, дзе жыў і працаваў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Ініцыятары ўшанаваньня памяці выбітнага літаратара заклікаюць прыхільнікаў творчасьці Дзядзькі Рыгора сабрацца а 13-й гадзіне па адрасе Мележа, 4 (ля аркі, якая выходзіць да трамвайных шляхоў).

«Штурхальніку» ідэі журналісту Глебу Лабадзенку і старшыні Саюзу мастакоў Беларусі Рыгору Сітніцу ў апэратыўным парадку ўдалося ўзгадніць усе пытаньні з гарадзкімі ўладамі. На барэльефе будзе пазначана, што ў гэтым доме цягам 1980-2014 гадоў жыў і ствараў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Як адзначае Глеб Лабадзенка, «дошка выйшла ладная» — больш за 100 кіляграмаў бронзы памерам 140 на 70 сантымэтраў. Аўтар праекту, як і валуна на магіле літаратара на Ўшаччыне — скульптар Ігар Засімовіч.

Удакладняецца, што будзе ўсталяваны дапрацаваны варыянт № 2, паколькі першы выклікаў бурнае абмеркаваньне ў сеціве — ня ўсе пабачылі ў чарнавым праекце стопрацэнтнае падабенства зь героем.

Першапачатковы і канчатковы варыянт мэмарыяльнай дошкі Рыгору Барадуліну