Палата прадстаўнікоў — за наданьне музэю ў Гудзевічах імя Белакоза. Мастоўскія ўлады — супраць

Алесь Белакоз (архіўнае фота)

Паўгода таму старшыня Мастоўскага райвыканкаму Юры Валяваты на прапанову грамадзян надаць музэю ў Гудзевічах імя яго стваральніка Алеся Белакоза адказаў — немэтазгодна. Падобны адказ з Мастоўскага райвыканкаму накіраваны і ў Палату прадстаўнікоў.

Мастоўскія актывісты пасьля адмоўнага адказу старшыні райвыканкаму Юрыя Валяватага не апусьцілі рукі. На абласной канфэрэнцыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) пастанавілі дамагацца ад уладаў ушанаваньня памяці Алеся Белакоза.

Палата прадстаўнікоў лічыць прапанову грамадзян слушнай

Сябра Грамады Язэп Палубятка напісаў новы зварот у Палату прадстаўнікоў, далучыўшы 130 сабраных раней подпісаў з патрабаваньнем надаць музэю ў Гудзевічах імя яго стваральніка Алеся Белакоза, а таксама адказы з Мастоўскага райвыканкаму і Гарадзенскага аблвыканкаму на іх прапановы.

Паводле Палубяткі, адказ прыйшоў нечакана хутка. У ім было ўсяго некалькі сказаў, але вельмі важных.

«Пастаянная камісія па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў разгледзела прапанову грамадзян аб наданьні музэю ў Гудзевічах імя яго стваральніка — Алеся Белакоза, прызнала яе слушнай і зьвярнулася ў Мастоўскі райвыканкам і Гарадзенскі аблвыканкам з хадайніцтвам надаць імя Алеся Белакоза музэю ў Гудзевічах», — пераказвае ліст з парлямэнту Язэп Палубятка.

У музэі ёсьць бюст Белакоза, плянуецца ўсталяваць памятную шыльду, а назву мяняць немэтазгодна

Музэй у Гудзевічах

Начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Мастоўскага райвыканкаму Сяргей Дзейкала кажа, што думка Палаты прадстаўнікоў не супадае з рашэньнем Мастоўскага райвыканкаму.

Паводле Дзейкалы, у Палату прадстаўнікоў накіраваны адказ, у якім прыводзяцца тыя ж аргумэнты, якія старшыня райвыканкаму Валяваты даваў грамадзянам на іх зварот з прапановай ушанаваць імя стваральніка музэю ў Гудзевічах.

Дзейкала паўтарае, што пазыцыя райвыканкаму не зьмяншае і не прыніжае ролі Алеся Белакоза ў стварэньні Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музэю. Але, маўляў, сучасная ўстанова культуры «Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музэй» існуе і разьвіваецца дзякуючы працы многіх людзей, імёны якіх вартыя ўшанаваньня.

Дзейкала дадае, што ў адной з заляў музэю ёсьць бюст Белакоза. Акрамя гэтага, на будынку музэю плянуюць усталяваць памятную шыльду, на якой будзе пазначана імя Алеся Белакоза. Мяняць жа назву ўстановы, на погляд Дзейкалы, немэтазгодна.

У музэі пра рэкамэндацыю Палаты прадстаўнікоў пакуль нічога ня чулі

Дырэктарка Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музэю Кацярына Басінская кажа толькі, што яны падрыхтавалі ўсе неабходныя дакумэнты, каб павесіць на музэі шыльду ў памяць Алеся Белакоза.

Шыльду павінен выканаць вядомы беларускі скульптар Уладзімер Церабун. Але дакумэнты пакуль на разглядзе ў Міністэрстве культуры. І гэта ўсё, што на сёньня ведаюць пра ўшанаваньне памяці Алеся Белакоза ў самім музэі.

***

Алесь Белакоз памёр 1 сьнежня 2016 году на 89-м годзе жыцьця. Белакоз — заслужаны настаўнік Беларусі, заслужаны дзяяч культуры, адным зь першых быў узнагароджаны мэдалём імя Францішка Скарыны. Ляўрэат прэміі «За свабоду думкі».

Your browser doesn’t support HTML5

Сталкеры Свабоды. Алесь Белакоз

Маладым настаўнікам у 1948 годзе Алесь Белакоз напісаў на лістках заклік «Змагайцеся за незалежную Беларусь!» ды раскідаў іх зь цягніка па дарозе ў Менск. Потым раздабыў шрыфт ды надрукаваў антысавецкія ўлёткі, якія зь сябрамі распаўсюджваў у Горадні. Цудам пазьбег арышту і сталінскай карнай сыстэмы.

Мэтодыка шчасьця беларускага настаўніка

У Гудзевічах стварыў унікальны дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музэй, які ўзначальваў больш за 30 гадоў.

Your browser doesn’t support HTML5

Аптымізм. Алесь Белакоз