Іхні кот еў куранят. Бацька адвёз драпежніка ў суседнюю вёску, за дзесяць кілямэтраў. Вярнуўся назаўтра. Адвёз у Мір. Няблізкі сьвет — дваццаць кілямэтраў. Вярнуўся праз тыдзень. Адвёз лодкай праз Нёман у лес. Вада — непераадольная перашкода. Плаваць каты ня ўмеюць. Якое ж было дзіва, калі вярнуўся ізноў. Ажно праз год. Адшукаў дарогу да няблізкага моста і перайшоў яго. Але як адважыўся?! Той мост быў адзіным у ваколіцы, заўсёды шумным. Мо ночы чакаў?..
Ды бяда: куранят ізноў хапаў…
Якая вялікая цяга да роднага дому! — заканчвае згадку літаратуразнаўца Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч…
Думаю пра беларускіх паэтаў-эмігрантаў: Натальлю Арсеньневу, Масея Сяднёва, Алеся Салаўя, Рыгора Крушыну, Зянона…
Альжбета Кеда