Да калядных і навагодніх сьвятаў у цэнтры Горадні вывесілі постэр зь Дзедам Марозам. На ім віншаваньне з Новым годам на расейскай, ангельскай, польскай і літоўскай мовах. Няма толькі беларускай.
Плякат вісіць у цэнтры Горадні побач з гарадзкім і абласным выканкамамі.
«У суботу на плошчы было сьвята — шэсьце Дзедаў Марозаў, было шмат гандлёвых павільёнаў, сьвяточна ўпрыгожаных. Я ня ведаю, чый гэта гандлёвы пункт — там былі і дамкі, і карэты, шмат самых розных, але цяпер гэтага няма: вось цяпер я са свайго вакна бачу гэтую плошчу, там ужо павільёнаў няма. Гарвыканкам да гэтага ня мае ніякага дачыненьня, так што шукайце ўладальніка гандлёвага пункту. Так, пільны, уважлівы фатограф заўважыў, кінуў у сеціва, і пайшла гуляць карцінка», — патлумачыў Свабодзе начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і справаў моладзі Горадзенскага гарвыканкаму Андрэй Ярашэвіч.