Стагодзьдзе касьмічных хуткасьцяў. Інтэрнэт. Вал інфармацыі. Гамбургеры. Чызбургеры. Кава на бягу. Шалёны маратон даўжынёй ў жыцьцё.
І… старая, добрая кніга. Прадмет цёплы, нават можна сказаць, адухоўлены, павольна адкрывае таямніцы быцьця. Прыемна, уладкаваўшыся ўтульна з нагамі ў крэсьле або на канапе пад мяккім пледам, шамацець у цішыні старонкамі, спазнаючы мудрасьць старажытных філёзафаў, жыцьцё вялікіх людзей, захапляльны сюжэт раману.
Памятаю, калісьці у старэйшых клясах часьцяком адбываліся «падпольныя» чытаньні. Ноччу. Пры ліхтарыку. Не ўключаючы сьвятло, каб не абудзіць бацькоў і не атрымаць наганяй. Часам атрымлівала, але ноччу зноў гарэў ліхтарык… Вельмі хацелася хутчэй перагарнуць апошнюю старонку чарговай УЛЮБЁНАЙ КНІГІ!
Вікторыя Грыніна