Нечаканы Пазьняк, або З «Вышыні» незабыўнага мінулага

Алесь Аркуш

Зянон Пазьняк. «Палын-палын…». «Беларускае Выдавецкае Таварыства ў Амэрыцы». Нью-Ёрк. 2016 г.

Дурнаваты вясковы бязбацькавіч Ёська хоча стаць вялікім начальнікам і паступае ў вышэйшую партыйную школу. Там ён сустракае спрытнага старшыню калгаса Рафала Рубайлу, які марыць атрымаць званьне Героя сацыялістычнай працы, бо перакананы, што толькі заняўшы ўплывовыя пазыцыі ў савецкай сыстэме, беларусы змогуць адстаяць сябе як нацыю. Між імі адразу ўзьнікае маўклівая антыпатыя, якая пераўтвараецца ў адкрыты канфлікт, калі на авансцэне зьяўляецца малады радавіты выпускнік сельскагаспадарчай акадэміі Раман Шляхта, які не хавае сваіх мараў пра незалежную радзіму. Высачаны ў фінале спэцорганамі на старшынскай пасадзе ў глухім калгасе, ён на дзесяць гадоў кінуты ў турму. Уся гэтая прыдуманая аўтарам дзея адбываецца на фоне шчымлівых замалёвак рэальнага нацыянальнага адраджэньня 60-70-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Кніга Зянона Пазьняка «Палын-палын...»

Як Зянон Пазьняк вазіў мяне ў багажніку

Ня так даўно Зянон Пазьняк наведаў рэдакцыю Беларускага Радыё Рацыя ў Беластоку. У інтэрвію, якое ён даў нашаму радыё, палітык распавёў пра значэньне для беларусаў сьвята Дзяды. У прыватнай размове зь ім я згадаў даўнюю вясёлую гісторыю, якая надарылася ў 1987 годзе ў Заслаўі. Там ладзілася вялікае сьвяткаваньне Купальля, на якое сабралася багата народу з розных мясьцін Беларусі. Палачане на яго прыехалі адмыслова замоўленым аўтобусам. Прыехалі і мы з жонкай Тацянай, якая была цяжарная. Ясна, што ноч гуляць ля вогнішча было для яе цяжкавата. Больш таго, яна кепска пачувалася. Мусілі мы зь ёй неяк зьехаць раней. Хтосьці мне падказаў, што неўзабаве едуць на Менск «правадыры». Падышоў я да скульптара Алеся Шатэрніка, на машыне якога яны ад’яжджалі, і пачаў прасіцца, каб узялі і нас да Менску. Шатэрнік кажа, што ёсьць толькі адно вольнае месца, таму калі возьме, дык толькі кагосьці аднаго. Нашу размову чуе спадар Зянон. «Мы іх бярэм, — кажа ён Шатэрніку голасам, які не прымае пярэчаньня. — Ён (паказвае пальцам на мяне) паедзе ў багажніку». Так і атрымалася. Ехаў я ў багажніку. У Шатэрніка была «Ніва», таму дабраўся да Менску не сказаць, што камфортна, але цярпіма. Па дарозе спадар Зянон усё падтруньваў, казаў, што вязуць мяне як беглага прэзыдэнта афрыканскай краіны.

Усе, хто пачуў гэтую гісторыю, у тым ліку і Зянон Станіслававіч, весела пасьмяяліся. Ну, а я скарыстаўся момантам і папрасіў у спадара Зянона ягоны раман, пра які шмат чуў і які карцела прачытаць.

Неўзабаве мне той раман перадалі (з душэўным дарчым подпісам), і я нясьпешна і ўважліва яго прачытаў.

Бязбацькавіч Ёська і адраджэнцы

Напачатку мне падалося, што гэта будзе калючы, суворы, цяжкі раман-прысуд пра манкурта Ёську. Штосьці на ўзор мрыеўскіх «Запісак Самсона Самасуя», але пра генэзіс беларускага халуйства і здрадніцтва. Бо менавіта гісторыяй пра вясковага дурнаватага, але дужага і агрэсіўнага бязбацькавіча Ёську і пачынаецца «Палын-палын…».

Але калі завіліся іншыя сюжэтныя лініі, я зразумеў, што гэта сага пра легендарную мастакоўскую майстэрню «На паддашку», якая месьцілася ў адным з дамоў тагачаснага праспэкту Леніна ў Менску насупраць будынку КДБ. У рамане майстэрня называецца «Вышыня».

Варта зацеміць, што твор мае падзагаловак «Беларускі раман з часоў савецкай акупацыі». Ён пазначае прастору, час і палітычную атмасфэру, у якой адбываюцца падзеі, непасрэдным удзельнікам якіх быў сам Зянон Пазьняк.

Многія героі раману пазнаюцца як рэальныя асобы. Так, напрыклад, прататыпам Антона Бальцэвіча, напэўна, зьяўляецца мастак Лявон Баразна, якога забілі ў Менску ў 1972 годзе. Акалічнасьці таго злачынства па-ранейшаму застаюцца таямніцай. А прататыпам Яўгена Ермаковіча, канешне, быў вядомы гісторык Мікола Ермаловіч. Пазнаюцца ў рамане і іншыя героі, прататыпамі якіх сталі археоляг Міхась Чарняўскі, паэт Алесь Разанаў, мастак Яўген Кулік. Яны ўтварылі ў Менску нацыянальна-адраджэнскі асяродак, які ў рамане выпісаны вельмі рэалістычна. Аснову яго складалі пераважна студэнты тэатральна-мастацкага інстытута, у якім вучыўся таксама й аўтар раману.

Кніга Зянона Пазьняка «Палын-палын...»

Каханьня шал і канон жаночай прыгажосьці

Увогуле «Палын-палын…» шмат у чым зьяўляецца неспадзеўкаю для чытача, які ўспрымае Зянона Пазьняка перадусім як змагара са сталёвым сэрцам і кансэрватыўнага палітыка. Таму чытач зьдзівіцца, і ня раз. Асабліва зь любоўных гісторый, якія апісаныя з нечаканай пяшчотаю і добрым гумарам.

Вось студэнты-мастакі Антось і Людвіся пабраліся шлюбам, зьнялі пакойчык у менскай хрушчоўцы і па вечарох гукамі свайго каханьня, якія чуваць былі праз тонкія панэльныя сьцены, даводзілі да шалу суседзяў ці не ўсяго пад’езду.

А вось вуснамі аднаго з галоўных герояў канон хараства беларускай жанчыны: «пышная, свая, не дурная, ня цёмная, ня злая і не малая».

Ці вось словы ўшчуваньня рафінаванай менскай інтэлігенткі Лены свайго нецярплівага каханага старшыні калгаса Рамана Шляхты: «Мой любы, як было б добра, каб першы раз, што запомніцца мне на ўсё жыцьцё, каб першы раз адбылося б на шырокім шлюбным ложы, белым, як сьнег, і ўбраным кветкамі белых астраў, каб стаялі букеты на стале і падваконьні, каб пахла бэзам у пакоі і ціха-ціха гучэла музыка аб нашым каханьні…, каб не пад каменем, ня супраць запаведзяў…, не на траве…»

Намэнклятурныя нацыяналісты

Некалькі станоўчых герояў раману належаць да тагачаснай савецкай намэнклятуры. Напрыклад, перакананы, але скрытны незалежнік Аляксандр Равіч паказаны як намесьнік міністра культуры. А самыя зацятыя беларускія змагары — старшыні калгасаў Шляхта і Рубайла (гэтыя старшыні друкавалі ўлёткі і самвыдат і распаўсюджвалі ці не па ўсёй Беларусі). Здавалася б, такому жорсткаму праціўніку савецкага ладу, якім зьяўляецца Зянон Пазьняк, больш натуральна было ставіцца рэзка нэгатыўна да ўсёй савецкая намэнклятуры, бо ня цяжка здагадацца, што пісалі і публічна казалі гэтыя героі. Але пад акупацыяй (згадаем падзагаловак раману) такі мэтад барацьбы аўтар прызнае важным, і галоўнае — дзейсным, бо людзі пры пасадах мелі больш паўнамоцтваў і магчымасьцяў рабіць беларускую справу.

Бел-чырвона-белая маёўка

Мяне асабіста ўразіў сюжэт з кнігі, у якім аўтар апісвае адну зь першых нацыянальных маёвак, якую правялі «вышэнцы» ў ваколіцы Вязынкі. На ёй удзельнікам, сарака пяці маладым людзям, тлумачылася, што такое бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня», што такое БНР і Слуцкі збройны чын, а таксама вокліч «Жыве Беларусь!».

Маёўшчыкаў, праўда, досыць хутка высачылі, нават скарысталі для гэтага верталёт. Затрымлівалі з сабакамі і стрэламі ў паветра. І толькі добрая арганізацыя небясьпечнага мерапрыемства, калі пасьпелі хутка і незаўважна вынесьці сьцяг і герб, выратавала хлопцаў і дзяўчат ад нейкіх сур’ёзных наступстваў.

Але я пра іншае. На тую маёўку сабраліся тагачасныя прыхільнікі беларускага адраджэньня і беларускай мовы. Але палова зь іх мела цьмянае ўяўленьне пра гэтыя асноўныя сымбалі і падзеі беларускай дзяржаўнасьці. А ў прынцыпе, ня так і шмат гадоў прайшло тады і ад ўтварэньня БНР, і ад Слуцкага паўстаньня. Яшчэ жылі некаторыя сьведкі тых падзеяў. І разумееш, вось так «плённа» і жахліва папрацавалі карныя органы НКВД. Дзеля гэтага бяспамяцтва й патрэбныя былі жудасныя рэпрэсіі.

І як ня проста было гэтую памяць аднаўляць. І разумееш, якую тытанічную працу выканала тая невялічкая купка хлопцаў і дзяўчат.

Перамога Ёські і самвыдатаўскі фармат

Падрабязнай асобнай сюжэтнай лініяй апісаны ў рамане лёс Юзіка Гароха, або проста Ёські, цёмнага, абмежаванага, несумленнага хлопца, клясычнага беларускага манкурта, які з дапамогай КДБ выбіўся ў партыйныя начальнічкі і зацята змагаўся з беларушчынай. Прычым, сам так і не навучыўся добра размаўляць па-расейску.

У нейкім сэнсе раман заканчваецца ягонай перамогай. Бо Ёська, ужо работнік ЦК, дамогся, каб Рамана Шляхту, свайго зацятага ворага, пасадзілі на 10 гадоў за нацыяналізм. Гінуць Яўген Ермаковіч і Антон Бальцэвіч. Такі вось сумны фінал, які патрабуе працягу. Бо насамрэч перамог у выніку ня Ёська, а гэтыя хлопцы і дзяўчаты з асяродку «Вышыня», і іхняя перамога называецца — незалежная краіна Рэспубліка Беларусь.

Ну і напрыканцы варта сказаць пра саму кнігу. Яна выдадзена фарматам А4 — любімым фарматам капіравальнай тэхнікі. Шрыфт вельмі падобны да самвыдатаўскага (нават замест працяжніка — два злучкі). Выява вокладкі максымальна спрошчаная — назва і віньетка. Усё ў стылі тагачаснага самвыдату.

Гісторыя пра тое, як Зянон Пазьняк вазіў мяне ў багажніку, адбылася значна пазьней, і хіба што можа быць толькі ў наступнай кнізе.

Алесь Аркуш