Ён выдаў дзьве кнігі нарысаў пад агульнай назвай — «На скрыжаваньнях шляхоў, межаў і эпох». У інтэрвію Свабодзе дасьледчык распавёў пра самыя цікавыя старонкі гісторыі гораду.
Дадатак у «дакастрычніцкую» гісторыю
У кнізе «Памяць. Лоеўскі раён» 588 старонак. Так званы «дакастрычніцкі пэрыяд», іншымі словамі, амаль тысяча гадоў гісторыі (афіцыйна — напалову менш), займае ўсяго 42 старонкі. Астатнія прыпадаюць на семдзесят гадоў савецкага «пасьлякастрычніцкага» часу. Я дадаў у «дакастрычніцкую» гісторыю Лоеўшчыны свае 137 старонак з фотаілюстрацыямі, каб неяк «ураўнаважыць» неадпаведныя палавіны. А выдаць кніжкі мне дапамаглі гомельскія грамадзкія актывісты — надрукавалі іх на прыватным абсталяваньні і за прыватныя сродкі.
Старэйшы за летапісныя згадкі на чатыры стагодзьдзі
Пры раскопках на замчышчы знойдзеныя прылады працы, набор керамікі, якія сьведчаць пра існаваньне тут гарадзкога паселішча ў ХI—XIII стагодзьдзях, а па кераміцы — нават у X стагодзьдзі. Так што Лоеў «старэйшы» за летапісныя згадкі (1505) на чатыры ці нават пяць стагодзьдзяў.
Лоеў «пастарэў» на 4–5 стагодзьдзяў, засьведчылі архэолягі
Лоеў знаходзіцца на скрыжаваньні гандлёвых і вайсковых шляхоў. Археоляг, доктар гістарычных навук Алег Макушнікаў выказаў думку, што Лоева гара і суседняе шматфункцыянальнае ваенізаванае паселішча на Мохавай гары складалі бінарны комплекс на шляху «з варагаў у грэкі».
Да Вялікага Княства Літоўскага Лоеўшчыну далучыў, верагодней за ўсё, вялікі князь Альгерд яшчэ да 1362 году.
Пра назву места: у Тураве ўладарыў Тур, у Лоеве — Лой
У савецкай гістарыяграфіі разглядалася пераважна «кулінарная» вэрсія паходжаньня тапоніма Лоеў. Яна была зьвязаная з прыгатаваньнем харчовых прыпасаў на старажытным гандлёвым шляху, калі мясныя прадукты залівалі, каб надзейна захаваць у дарозе, лоем — авечым альбо ялавічным тлушчам.
Гомельскі дасьледчык, філёляг і этнограф Аляксандар Рогалеў абгрунтоўваў узьнікненьне назвы асаблівасьцямі навакольнай мясцовасьці. На поўдзень ад Лоева Дняпро ўтварае шырокую даліну, якая цягнецца на пяць кілямэтраў — ад Лоевай да Краснай гары. Такая ж даліна прасьціраецца і на поўнач. У старой геаграфічнай тэрміналёгіі «залой» — гэта рачная затока, затопленае месца паміж двума ўзвышшамі; «палой» — бераг, луг, пойменнае месца. Адсюль і назва: гара, што за палоем — Палоева ці Лоева гара.
Мясцовае паданьне зьвязвае назву гораду зь першым тутэйшым пасяленцам-гандляром Лоем. Гэта ён выбраў высокае месца пры ўтоку ракі Сож у Дняпро, зручнае для гандлю й прадпрымальніцтва. У летапісах пад 1351 годам зафіксаванае і прозьвішча Ходка Лоевіч.
У Тураве ўладарыў Тур, у Лоеве — Лой, таўсматы, поўны чалавек.
Магдэбурскае права атрымаў на 94 гады раней за Гомель
Першым Магдэбурскае права на гомельскіх землях атрымаў менавіта Лоеў, і адбылося тое 3 жніўня 1576 году, за год да Мазыра і ажно на дзевяноста чатыры гады раней, чым Гомель.
Прывілей на лякацыю Лоеву з ініцыятывы Паўла Сапегі, дзядзькі славутага канцлера ВКЛ Льва Сапегі, выдаў Стэфан Баторы, кароль польскі і вялікі князь літоўскі, рускі й жамойцкі.
Лоеўскі Воўк стаў войтам Кіева
Новы статус зьмяніў жыцьцё места. Лоеў пераводзіўся на нямецкае права, рэарганізоўвалася сыстэма мясцовага кіраваньня, пры якім гарадзкая адміністрацыя займела магчымасьць прымаць унутраныя адміністрацыйныя, судовыя і эканамічныя рашэньні.
У зьвязку з новым статусам паселішча пасаду войта ў Лоеве атрымаў Фёдар Воўк, зямянін Менскага павету, паручэнец берасьцейскага ваяводы Гаўрылы Гарнастая. Галоўны абавязак войта — зьбіраць падаткі. Да таго ж ён выконваў паліцэйскія абавязкі, вырашаў зямельныя й маёмасныя справы.
Цікава, што не пазьней за 1587 год Фёдар Воўк стаў войтам Кіева.
Самакіраваньне было рэальнае, а не фармальнае, як цяпер
Можна сказаць, што сярэднявечны Лоеў кіраваўся больш дэмакратычна, чым сучасны. Асабліва калі ўлічыць, што выбары цяпер фармальныя, дэпутаты прызначаюцца ўладай. Самакіраваньне існуе ў нас на паперы: саветы ў гарадах і раёнах, па сутнасьці, нічога не вырашаюць. Верхаводзіць выканаўчая «вэртыкаль». Чыноўнікі гэтай «вэртыкалі» страцілі ініцыятыву, чакаюць каманды, загаду.
Аднак Магдэбурскае права ў Лоеве не было рэалізавана поўнасьцю. Павал Сапега, які апекаваўся горадам, заўчасна памёр. Да таго ж на пачатку XVII стагодзьдзя горад двойчы паліла маскоўскае і маскоўска-татарскае войска, а жыхароў бязьлітасна рабавалі.
Лоеўская бітва была ня менш важная за Аршанскую
Трэба казаць не пра адну, а пра дзьве Лоеўскія бітвы з часоў ліхалецьця казацка-сялянскай вайны — у 1649 і 1651 гадах. Падчас гэтай вайны ўкраінскі гетман Багдан Хмяльніцкі і ягоныя казакі, хаўрусьнікі Масквы, мелі намер утварыць сваю дзяржаву, далучыўшы да яе сілаю і землі сёньняшняй паўднёвай Беларусі.
У 1648-м і зімою 1649 году палявы гетман Януш Радзівіл ачысьціў ад казакоў землі ўздоўж Прыпяці й Дняпра. Улетку ён рушыў на Кіеў, дзе меўся злучыцца з войскам Рэчы Паспалітай. Каб затрымаць яго, Багдан Хмяльніцкі тэрмінова выслаў на Беларусь буйныя аддзелы Ільлі Галоты, Сьцяпана Падабайлы й Міхайлы Крычэўскага. Апошні вырашыў апярэдзіць Радзівіла і атакаваў яго ў месцы так званага Татарскага броду праз Дняпро, але быў разьбіты, хоць літоўскія харугвы мелі ў тры разы менш жаўнераў, чым казацкае войска.
Мы ўсталявалі памятныя крыжы каля Татарскага броду і на Гладкім полі, дзе пачыналася Лоеўская бітва, а на месцы, дзе быў стан войска ВКЛ пад камандаваньнем Януша Радзівіла — вялікі валун з адпаведным надпісам. Напамінкам пра тую вайну служаць і назвы ўрочышчаў, якія захаваліся ў народзе: «Казацкі пясок», «Ляхава гара», «Разгром».
Не вайной адной
Мне хацелася паказаць разнастайную гісторыю свайго краю. Адсюль і нарысы пра лоеўскія «таргі», «таржкі», якія ўзьніклі каля падножжа Лоевай гары, а пазьней вырасьлі ў двух- і нават трохдзённыя кірмашы і суправаджаліся народнымі гуляньнямі й забавамі, пра помнікі гаспадараньня, фальваркі, назвы вёсак, канфэсіі. Зьбіраў я матэрыялы добрыя паўтара дзесяцігодзьдзі.
Цікава, што пры канцы XVIII стагодзьдзя наша мястэчка падзялілася на «верхні» і «ніжні» Лоеў, мела 90 двароў і 1712 жыхароў, зь іх 849 мужчын і 863 жанчыны. Большую частку насельніцтва ў той час складалі прыгонныя сяляне. Мяшчан-габрэяў налічвалася 543 чалавекі, шляхецкага саслоўя — 69, зь якіх 7 — шляхцюкі-ўладальнікі і 62 — «шляхта чыншавая і на паслугах».
Працавалі 4 вінакурні і адна саладоўня — яны забясьпечвалі сваёй прадукцыяй 24 мясцовыя шынкі.
Каля мястэчка рабілі 8 млыноў — рачных, байдачных (на чаўнах-байдаках) і ветраных. Мясцовыя жыхары займаліся пераважна земляробствам, жывёлагадоўляй, гандлем, ганчарствам, вырабам байдакоў, сплавам карабельнага лесу і дрывяных плытоў у Кіеў, Крамянчук і Хэрсон.
Your browser doesn’t support HTML5