Памочніца

Поль Сіньяк, «Маміна малая памочніца»

Маладая сям’я спраўляла навасельле. Радні сабралася многа. Толькі разышліся госьці, як гаспадыня пачала прыбіраць са сталоў. Раз-пораз перакідваючыся словамі з трохгадовай дачушкай, якая забаўлялася ў кутку, маці пачала скідваць кавалачкі ў «сьвіное» вядро, а некранутыя талеркі зь ежай адсоўвала, каб паставіць у халадзільнік.

На кухні зазваніў тэлефон. Маці таропка выбегла і пачала размаўляць. Сваячка дзялілася сваімі ўражаньнямі. Размова зацягнулася ледзь не на паўгадзіны.

Калі зайшла ў пакой, каб працягнуць пачатае, то ўбачыла, што ўсе сталы пустыя, а ў кутку стаіць задаволеная дачушка каля ТРОХ «сьвіных» вёдраў і ўсьміхаецца: «Мамачка, я твая памочніца?»

«Памочніца!» — скрозь сьлёзы прамовіла гаспадыня…

Тацяна Валенцік