Супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрполу ў Беларусі і ўпраўленьня наглядна-выканаўчай дзейнасьці МУС 16 сьнежня экстрадавалі з Сафіі (Баўгарыя) мужчыну, які абвінавачваецца ў несанкцыянаваным доступе да кампутарнай сыстэмы аднаго зь беларускіх банкаў, паведамляе прэсавая служба МУС.
Беларуская міліцыя ініцыявала вышук хакера па лініі Інтэрполу ў жніўні 2017 году. У тым жа месяцы ён быў затрыманы ў Баўгарыі. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, мужчына замяшаны ў крадзяжы грошай шляхам выкарыстаньня кампутарнай тэхнікі ўлетку 2016 году.
Згодна з матэрыяламі справы, група хакераў узламала кампутарную сыстэму банка і з дапамогай шкоднага праграмнага забесьпячэньня атрымала магчымасьць аддаленага кіраваньня банкаматамі фінансавай установы.
За некалькі гадзінаў хакер разам з саўдзельнікамі скраў 527 тысяч даляраў, 67,5 тысяч эўра і амаль 109 тысяч беларускіх рублёў з 27 банкаматаў, разьмешчаных у Менску, Магілёве і Віцебску.
Была ўзбуджаная крымінальная справа паводле часткі 4 артыкулу 212 Крымінальнага кодэксу Беларусі (крадзёж, шляхам выкарыстаньня кампутарнай тэхнікі, здзейсьнены арганізаванай групай у асабліва буйным памеры). Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
З пачатку году гэта ўжо 13-я экстрадыцыя ў Беларусь.