Як паведамляецца на сайце Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі, у канчатковай рэдакцыі памер адрасных сродкаў складзе 2 мільярды 945 мільёнаў рублёў. Раней гэты аб’ём перавышаў 2 мільярды 980 мільёнаў.
Дзяржаўная праграма «Культура Беларусі» была зацьверджаная пастановай Савету Міністраў № 80 у сакавiку 2016 году. Яна накіравана на захаваньне гістарычнай памяці беларускага народу, яго нацыянальна-культурнай самабытнасьці і традыцый.
Як вынікае з тлумачальнай часткі дакумэнту, прадугледжваецца актыўнае ўцягваньне грамадзянаў у культурнае жыцьцё краіны, рэалізацыя творчага патэнцыялу нацыі, забесьпячэньне захаванасьці дакумэнтаў Нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі, садзейнічаньне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасьці беларускай дыяспары.
Дзеля гэтага рэалізуюцца мэтавыя праграмы «Спадчына», «Мастацтва і творчасьць», «Архівы Беларусі», «Беларусы ў сьвеце» і некаторыя іншыя.
Як вынікае са структуры расходаў рэспубліканскага бюджэту, сфэры культуры не адносіцца да прыярытэтных кірункаў дзяржаўнага фінансаваньня. Выдаткі на яе не перавышаюць 0,5% ад валавога ўнутранага прадукту.