ЗША адмовіліся ад прынцыпу «сеткавага нэўтралітэту». Што гэта значыць

Акцыя пратэсту супраць рашэньня Фэдэральнай камісіі па камунікацыях.

ЗША ў чацьвер 14 сьнежня адмянілі ўведзены два гады таму прынцып «сеткавага нэўтралітэту». Ён гарантаваў роўны доступ да інтэрнэту і накладаў абмежаваньні на буйных правайдэраў.

Цяпер апэратары змогуць блякаваць або браць дадатковую плату за пэўныя тыпы трафіку або доступ да пэўных сайтаў. Самі правайдэры запэўніваюць, што адмена абмежаваньняў пойдзе на карысьць індустрыі.

Фэдэральная камісія па камунікацыях (FCC) трыма галасамі супраць двух прыняла плян, прапанаваны яе старшынёй Аджытам Паі, якога на гэтую пасаду прызначыў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

Плян прадугледжвае зьмякчэньне правілаў для тэлекамунікацыйных кампаній і зьніжэньне кантролю фэдэральнага ўраду над інтэрнэт-сфэрай.

Палітыку «сеткавага нэўтралітэту» прасоўваў экс-прэзыдэнт Барак Абама. Адмена правілаў, якія гарантуюць роўныя адносіны да ўсіх відаў трафіку, справакавала сотні пратэстаў і больш за мільён званкоў членам Кангрэсу з боку праціўнікаў пляну. Некаторыя арганізацыі спажыўцоў паабяцалі абскардзіць новыя правілы ў судзе.

Плян ліквідуе абмежаваньні, якія не дазвалялі такім буйным правайдэрам, як Comcast, Verizon і AT & T, блякаваць пэўныя віды трафіку або спаганяць за іх дадатковую плату, і пазбаўляе штаты магчымасьці ўводзіць уласныя правілы.

"Выйграюць і спажыўцы, і прадпрымальнікі. Усім удзельнікам інтэрнэт-эканомікі будзе лепш пры рынкавым падыходзе".

Па словах Паі, яго плян дазволіць ліквідаваць непатрэбныя абмежаваньні і дазволіць большай колькасьці амэрыканцаў атрымаць доступ да інтэрнэту. Ён дасьць буйным інтэрнэт-правайдэрам права блякаваць прыкладаньні канкурэнтаў, запавольваць доступ да пэўных паслугаў і паскараць злучэньне з рэсурсамі кампаній, якія гатовыя за гэта плаціць.

«Да 2015 году, калі былі ўведзеныя гэтыя правілы, у нас быў адкрыты і свабодны інтэрнэт, — заявіў Паі ў інтэрвію NBC перад галасаваньнем. Так будзе і ў будучыні дзякуючы спрошчаным правілам і рынкаваму падыходу. Выйграюць і спажыўцы, і прадпрымальнікі. Усім удзельнікам інтэрнэт-эканомікі будзе лепш пры рынкавым падыходзе».

Брытанскі інжынэр і «бацька інтэрнэту» Цім Бэрнэрс-Лі выступіў супраць адмены «сеткавага нэўтралітэту» у ЗША.

Ён напісаў: «Сеткавы нэўтралітэт — прынцып, пры якім інтэрнэт-правайдэры не аддаюць перавагі адным відам трафіку перад іншымі, зьяўляецца падмуркам інтэрнэту, якім мы яго ведаем сёньня».

Па словах Бэрнэрса-Лі, правілы Паі дазволяць правайдэрам «вырашаць, да якіх сайтаў вы можаце атрымаць доступ і зь якой хуткасьцю яны будуць загружацца».

«Іншымі словамі, яны змогуць вызначаць, якія кампаніі будуць пасьпяховымі ў інтэрнэце, чые галасы будуць пачутыя, а чые — заглушаныя», — напісаў Бэрнэрс-Лі.

Аднак лабіст буйных тэлекамунікацыйных кампаній Джонатан Сполтэр, кіраўнік гандлёвай групы USTelecom, лічыць гэтыя асьцярогі неабгрунтаванымі: «Я з нецярпеньнем чакаю маючых адбыцца тыдняў, месяцаў і гадоў, калі апынецца, што ніводнае з гэтых змрочных прадказаньняў не спраўдзілася».