Ня толькі аэрапорт. На інфастэндах у Менску зьявілася кітайская мова

Кітайскія турысты ў Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Абазначэньні на кітайскай мове ўжо зьявіліся на інфармацыйных шыльдах для турыстаў у Менску на тэрыторыі Верхняга горада.

Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на дырэктара інфармацыйна-турысцкага цэнтру «Менск» Алену Пліс.

Акрамя таго, на турыстычным партале minsktourism.by створаная старонка для гасьцей з Кітаю, выдадзеныя інфармацыйна-рэклямныя матэрыялы пра турыстычныя адметнасьці беларускай сталіцы на кітайскай мове.

Брашура «Топ-16 месцаў Менску» на кітайскай мове будзе даступна ў сталічных гатэлях, турфірмах, Нацыянальным аэрапорце «Менск», інфакропках.

Восеньню гэтага году у Нацыянальным аэрапорце «Менск» зьявілася табло адлёту-прылёту самалётаў на кітайскай мове. Абвесткі ў аэрапорце загучалі на расейскай, ангельскай і кітайскай мовах. Беларускай мовы ў аэрапорце не чуваць і не відаць.

Нацыянальны аэрапорт «Менск», архіўнае фота

2018 год будзе абвешчаны Годам турызму Беларусі ў Кітаі, бакі плянуюць актывізаваць супрацоўніцтва ў сфэры турызму.