Нарвэгія першай у сьвеце адмовілася ад FM-радыё

Нарвэгія стала першай краінай у сьвеце, якая цалкам замянілі сеткі FM-радыё на карысьць лічбавага радыё.

Пра гэта паведамляе нарвэскае выданьне The Local.

Нарвэгія пачала пераход на лічбавае радыё ў студзені гэтага году. Ужо 13 сьнежня найбольш паўночныя рэгіёны краіны і архіпэляг Свальбард ў Арктыцы апошнімі былі пераведзеныя на лічбавае аўдыёвяшчаньне.

Прыхільнікі лічбавага аўдыёвяшчаньня кажуць, што яно прапануе лепшую якасьць гуку і больш каналаў, а каштуе пры гэтым адну восьмую ад кошту FM-станцый.

Улады Нарвэгіі адзначаюць, што сыстэма лічбавага аўдыёвяшчаньня прапануе больш шырокі ахоп, дазваляе слухачам сачыць за праграмамі, якія яны прапусьцілі, і палягчае трансьляцыю экстраных паведамленьняў.

Нарвэгія рыхтавалася да пераходу на працягу многіх гадоў, а радыёстанцыі ў лічбавым фармаце і FM-станцыі суіснавалі з 1995 года.

Аднак паводле апытаньняў, многія грамадзяне Нарвэгіі незадаволеныя адмовай ад FM-вяшчаньня. Многія асьцерагаюцца, што будуць пазбаўленыя доступу да сыгналаў пра надзвычайныя сытуацыі, якія перадаюць на FM-радыёстанцыях, іншыя скардзяцца на неабходнасьць купляць дарагі адаптар для прыёму лічбавага радыё ў машыне.

Апошнія дасьледаваньні паказалі, што доля нарвэжцаў, якія штодня слухаюць радыё, за адзін год скарацілася на 10%, а грамадзкая тэлекампанія NRK страціла 21% сваёй аўдыторыі.