На санскрыце Аюрведа азначае «навука пра жыцьцё». Ужо больш за 5000 гадоў Аюрведа зьяўляецца асноўнай практыкай аховы здароўя ў Індыі. У цяперашні час па ўсёй Індыі ёсьць каля 120 універсытэтаў, дзе можна вывучыцца на аюрвэдычнага лекара.
Аюрведа характарызуецца так званым халістычным альбо цэласным падыходам. Гэта значыць, што пацыент з усімі яго праблемамі і скаргамі разглядаецца як татальны чалавек: яго цела, душа і розум ня ёсьць асобнымі элемэнтамі, але зьвязаны адзін з адным. Паводле Аюрведы, ёсьць толькі адзін спосаб быць шчасьлівым і здаровым — жыць і харчавацца ў адпаведнасьці са сваёй уласнай канстытуцыяй.
Сыстэма трох дош
Аюрведа выкарыстоўвае сыстэму трох дош. Дошы — гэта тыпы канстытуцыі чалавека. Усе дошы складаюцца зь пяці элемэнтаў альбо стыхіяў: Зямля, Вада, Агонь, Паветра і Эфір. Паводле Аюрведы, і сусьвет і адпаведна, усё тое, з чаго складаецца жыцьцё, уключае ў сябе ўсе гэтыя элемэнты. Чалавек таксама складаецца з іх.
Стыхіі прысутнічаюць паўсюль, але распаўсюджаны ня ў роўнай ступені: некаторыя дамінуюць, іншыя застаюцца на заднім пляне. Кожны элемэнт адказвае за пэўныя функцыі.
Кожны чалавек мае свае ўласныя ўнікальныя суадносіны трох дош, і менавіта гэты паказчык характарызуе яго асабістую канстытуцыю і яго дамінуючыя стыхіі. Дошы называюцца Вата, Піта і Капха.
Кожны чалавек мае свае ўласныя ўнікальныя суадносіны трох дош, і менавіта гэты паказчык характарызуе яго асабістую канстытуцыю і яго дамінуючыя стыхіі
Вата (дамінуюць Паветра і Эфір) адказвае за нэрвовую сыстэму. Піта ( дамінуюць Агонь і Вада) забясьпечвае мэтабалізм альбо абмен рэчываў. Капха (дамінуюць Зямля і Вада) адказвае за дзейнасьць суставаў і тканін.
Доша таксама азначае рух. Так, Капха — гэта стаяць на месцы, ня рухацца, Піта — трансфармацыя альбо рух перамен, Вата — перамяшчэньне, або сапраўдны рух.
Паводле Аюрведы, хвароба ўзьнікае, калі існуе дысбалянс паміж трыма дошамі. Мэтай тэрапіі зьяўляецца аднаўленьне неабходнага балянсу. Аюрвэдычны лекар прапісвае лячэньне, якое накіравана на ліквідацыю прычыны захворваньня. Лекар рэкамэндуе адпаведную дыету і зьмены ў ладзе жыцьця. Акрамя таго, ён можа параіць зёлкі, дыхальныя практыкаваньні і асаны (позы) зь ёгі.
Усе прадукты харчаваньня маюць пэўныя уласьцівасьці: смак (салодкі, салёны і г. д.), энэргію (гарачая або халодная), тэкстуру (сухая, тлустая і г. д.). Пра ўсе прадукты вядома, павялічваюць яны долю пэўнай дошы, ці наадварот памяншаюць.
Хто вы? Вата, Капа ці Піта
Вата. Асобы гэтага тыпу звычайна маюць невялікі апэтыт. Падчас галоўных прыёмаў ежы яны ядуць маленькія порцыі, але ўвесь час нечым перакусваюць. Звычайна яны з пункту гледжаньня фізіялёгіі ня вельмі дужыя, маюць мала мышачнай тканіны. Гэтыя людзі не баяцца пераменаў, іх эмоцыі таксама мяняюцца ўвесь час. Яны адкрытыя і камунікацыйныя, цікаўныя.
Капа. Асобы гэтага тыпу маюць марудны абарот рэчываў і таму ядуць няшмат, і могуць зь лёгкасьцю прапусьціць прыём ежы. Але яны вельмі любяць салодкае, больш, чым іншыя тыпы. Зь фізыялягічнага пункту гледжаньня яны «пабудаваны» лепш за ўсіх: маюць крэпкія косьці, добрую скуру. У іх добрая імунная сыстэма, таму яны рэдка хварэюць. Яны вельмі ўстойлівыя фізычна і псыхічна.
Піта. Гэты тып характарызуецца добрым страваваньнем, «жалезным страўнікам». Увогуле асобы гэтага тыпу ядуць больш, чым большасьць людзей. Але яны ня тоўстыя, затое маюць добрыя цягліцы. Гэтыя асобы — натуральныя лідэры, упэўнена ідуць па жыцьці, любяць прыгажосьць і камфорт.
Большасьць людзей мае не адну выразную дошу, а дзьве, напрыклад Вата-Піта, Піта-Капха і г. д. Суадносіны паміж дошамі мяняюцца на працягу ўсяго жыцьця. Таму і дыета таксама можа мяняцца.
Агульныя прынцыпы аюрведычнай дыеты
Паводле Аюрведы, кожны чалавек павінен прытрымлівацца рацыёну, які падыходзіць менавіта для яго канстытуцыі. Так што дыета дзьвюх асоб можа выразна адрозьнівацца. Але існуюць агульныя парады для ўсіх тыпаў людзей:
1. Залатое правіла, каб заставацца здаровым: ежце толькі тады, калі вы на самой справе галодныя. Часам, калі мы проста хочам піць, мы пачынаем есьці. Важна добра зразумець патрэбы вашага арганізму.
2. Пажадана, каб у кожным прыёме ежы прысутнічалі ўсе шэсьць смакаў: горкі, салодкі, кіслы, салёны, востры і даўкі.
3. Аддавайце перавагу свежапрыгатаваным стравам.
4. Здаровы сьняданак важны для добрага абмену рэчываў, таму ні ў якім разе яго не прапускайце.
5. Ежце седзячы і жуйце добра.
6. Пасьля гарачай ежы прагуляйцеся 15-20 хвілін.
7. Запаўняйце страўнік на адну траціну ежай, на другую — напоем, а трэцюю пакіньце пустой.
8. Ежце ня болей ежы, чым зьмесьціцца ў дзьвюх складзеных у місу далонях вашых рук.
9. Ежце садавіну за ½ гадзіну да ежы, ня зьмешвайце яе з іншымі прадуктамі.
10. Ежце і піце прадукты адной і той жа тэмпэратуры (то бок запіваць цёплую страву халоднай вадой нельга).
Катэгорыі прадуктаў
Аюрведычная дыета ня ёсьць строга вегэтарыянскай. Але! Аюрведа зыходзіць з таго, што акрамя смакавых якасьцяў, прадукты харчаваньня валодаюць таксама і духоўнымі, і што ежа ўплывае на наша ўсьведамленьне.
Аюрведа дзеліць усе харчы на тры катэгорыі: прадукты, якія павышаюць сатва (чыстае ўсьведамленьне); прадукты, якія актывізуюць раджас (жаданьні); прадукты, якія павышаюць тамас (невуцтва).
Самая лепшая ежа — гэта, натуральна, зь першай катэгорыі. Да яе адносяцца ўсе неапрацаваныя прадукты расьліннага паходжаньня.
Да другой катэгорыі адносяцца ўсякага кшталту стымулятары — кава, алькаголь, пікантныя і вострыя прадукты, у тым ліку часнок, каенскі і чылійскі перац. Прадукты з гэтай катэгорыі ўжываюцца часам для тэрапэўтычный стымуляцыі (напрыклад, страваваньня).
Тамас — гэта тое, што блякуе працэс абуджэньня і сапраўднага прасьвятленьня. Да гэтай катэгорыі адносяцца залішне апрацаваныя прадукты і ўсё тое, што мёртва: мяса, рыба, яйкі, але таксама фаст-фуд, соўсы з упаковак. Аюрведычны лекар ніколі не прапіша вам нешта з гэтай катэгорыі. Але ежа — асабісты выбар кожнага.
Маё асабістае меркаваньне. Асноўныя прынцыпы Аюрведы — расьлінная ежа як аснова дыеты, усьвядомленае спажываньне ежы — мне імпануюць. Акрамя таго, вышэйапісаныя агульныя парады можна рэкамэндаваць абсалютна ўсім у якасьці асноўных прынцыпаў харчаваньня.