Астраномы выявілі ў сыстэме зоркі Kepler-90 восьмую плянэту. Цяпер Сонечная сыстэма не адзіная, дзе ёсьць восем плянэтаў. Адкрыцьцё было зроблена з дапамогай тэхналёгіі машыннага навучаньня, якую распрацавала Google.
Раней Сонечную сыстэму лічылі ўнікальнай па колькасьці плянэт. Сыстэма Kepler-90 стала першай зь вядомых, у якой столькі ж плянет, колькі ў нашай Сонечнай сыстэме. На восьмай выяўленай плянэце жыцьцё нарадзіцца ня можа — тэмпэратура паверхні там перавышае 400 градусаў.
Пры гэтым самая далёкая плянэта зоркі Kepler-90 аддаленая на такую ж адлегласьць ад сваёй зоркі, як Зямля ад Сонца. Дасьледчыкі дапускаюць, што на ёй можа быць жыцьцё.
Усяго касьмічны тэлескоп Kepler выявіў больш за тры тысячы экзаплянэт — нябесных целаў, якія верцяцца вакол сваіх зорак, як Зямля вакол Сонца. Навукоўцы стварылі кампутарную праграму, якая знаходзіць слабыя сыгналы плянэты пры дапамозе нэйронавай сеткі.