Пудждэмон зьехаў у Бэльгію 30 кастрычніка, пасьля таго, як улады Гішпані распусьцілі парлямэнт Каталёніі і адправілі мясцовы ўрад у адстаўку. На канец сьнежня прызначаныя датэрміновыя выбары. Нацыянальны высокі суд Гішпаніі выдаў міжнародны ордэр на арышт Карлеса Пудждэмона і чатырох міністраў яго кабінэту.
Рашэньне ўвесьці ў Каталёніі наўпроставае кіраваньне было прынятае пасьля кастрычніцкага рэфэрэндуму аб незалежнасьці ў правінцыі. Улады Гішпаніі прызналі яго незаконным. Такога ж меркаваньня прытрымліваюцца ў Эўракамісіі. Супраць аднабаковага абвяшчэньня незалежнасьці Каталёніі выступілі таксама Францыя, Нямеччына і Італія.
Рэфэрэндум крытыкуюць за тое, што яго праводзілі без выкананьня неабходных нормаў, а ў самой Каталёніі праходзіла толькі агітацыя за незалежнасьць і зусім не было кампаніі ў падтрымку адзінства Гішпаніі. Аднак пасьля рэфэрэндуму ў рэгіёне прайшлі шматтысячныя мітынгі як прыхільнікаў, так і праціўнікаў незалежнасьці.