Cродкі масавай інфармацыі моцных дзяржаваў дэзарыентуюць грамадзтва, беларусы таксама па многіх вострых напрамках, праблемах жыцьця дэзарыентаваныя, а СМІ напоўненыя меркаваньнямі псэўдааналітыкаў, якія разбураюць стабільнасьць і спакой у грамадзтве, заявіў на ІІ зьезьдзе вучоных Беларусі Аляксандар Лукашэнка.
«Сёньня ствараюцца рэцэпты кіраваньня сьвядомасьцю людзей. Гэтыя тэхналёгіі дзейнічаюць і звонку краіны, у асноўным праз сродкі масавай інфармацыі і інтэрнэт, не заўсёды на карысьць Беларусі», — заявіў сярод іншага Лукашэнка.
Паводле яго, «варта распрацоўваць уласныя сацыяльныя тэхналёгіі, выкарыстоўваючы іх для кансалідацыі грамадзтва, выхаваньня патрыятызму, стымуляваньня творчай ініцыятывы людзей на ўсіх узроўнях», — цытуе Лукашэнку БелаПАН.
Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што «сёньня ідзе глябальная ўсясьветная вайна, але яна ідзе новымі мэтадамі, і перш за ўсё, у сродках масавай інфармацыі:
«І вы сьведкі гэтага. І гэтая вайна, якая сёньня вядзецца праз СМІ, практычна дэзарыентуе грамадзтва. Мы таксама па многіх вострых напрамках, праблемах жыцьця нашай плянэты дэзарыентаваныя.
Мы няправільна, неадэкватна ацэньваем тое, што адбываецца ў самых гарачых пунктах плянэты ў самых гарачых напрамках, таму што сродкі масавай інфармацыі, асабліва моцныя дзяржавы, выкарыстоўваюць для дэзарыентацыі і свайго грамадзтва і, на жаль, нашага».
Пры гэтым Лукашэнка не назваў, хто канкрэтна вядзе «інфармацыйную вайну», якая ўплывае і на беларусаў:
«Яны прастрэльваюць нашу краіну наскрозь. Я ня буду называць прыклады, каб потым гэта ня стала галоўнай падзеяй нашага зьезду, як гэта ўмеюць зрабіць у СМІ. Вы самі ведаеце, пра што ідзе гаворка».