Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк падчас ІІ зьезду беларускіх навукоўцаў заклікаў абвясьціць поўнамаштабную вайну «чорным капальнікам». Ён заявіў, што сёньня зьявіліся тэхнічныя сродкі пошуку новага пакаленьня, і гэта робіць археалягічныя артэфакты неабароненымі ад незваротнай страты.
Паводле доктара гістарычных навук, археоляга Ігара Марзалюка, шмат у якіх эўрапейскіх краінах створаныя падразьдзяленьні так званай археалягічнай паліцыі — дэпартамэнты аховы культурнай спадчыны, якія вырашаюць насьпелыя пытаньні ў апэратыўным парадку.
Прадстаўнікі такіх службаў суправаджаюць усе віды земляных работ, каб не дапусьціць наўмыснага ці выпадковага зьнішчэньня матэрыяльнай спадчыны. Паводле дэпутата-навукоўца, апэрацыі з антыкварыятам на «чорным рынку» зьяўляюцца самымі прыбытковымі пасьля наркотыкаў, таму для нядобрасумленных элемэнтаў вялікая спакуса ўзбагаціцца на бясцэнных скарбах.
Археоляг пра чорных капальнікаў і шэрых калекцыянэраў: сыход у цень — ваш выбар, але тады будзьце гатовыя, што да вас пагрукаюцца
Летась у Беларусі прынятыя больш жорсткія заканадаўчыя нормы, якія ставяць заслону на шляху самадзейных капальнікаў. Аднак, як лічыць спадар Марзалюк, іх рэалізацыя кульгае. На ягоную думку, каб выправіць сытуацыю, неабходна спэцыяльная служба, якая на пастаяннай аснове займалася б захаваньнем і зьберажэньнем археалягічнай спадчыны. Яе правобразам можа служыць Дзяржаўнай інспэкцыя аховы прыродных рэсурсаў.
Ці мэтазгодна ствараць дадатковы орган для такой вузкаспэцыялізаванай задачы? Свабода пацікавілася ў тых, хто займаецца пошукам і захаваньнем гістарычнай спадчыны.
Чарняўскі: «Гэта даўняя мара ўсіх беларускіх археолягаў»
Cупрацоўнік аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Максім Чарняўскі ініцыятыву Марзалюка ўхваляе і кажа, што гэта даўняя мара ўсіх беларускіх археолягаў.
«Умоўна гэта можна назваць і археалягічнай паліцыяй, — кажа Чарняўскі. — Як для мяне, то найбольш геаграфічна блізкім ідэалам ёсьць сыстэма, выстраеная польскімі калегамі, — гэткі інстытут назіральнікаў на пэўнай тэрытарыяльнай адзінцы. Умоўна кажучы, у кожным раёне маецца асоба, незалежная ад мясцовай улады, якая адсочвае стан і захаваньне археалягічных помнікаў, выкананьне нарматываў падчас будаўнічых работ, а таксама актыўнасьць аматараў прыборнага пошуку».
Што замінае ўвасобіць даўнюю задуму? Тым больш што прэзыдэнцкі ўказ № 485 якраз і быў закліканы ўпарадкаваць дзейнасьць у археалягічнай галіне ды ўдасканаліць мэтады аховы гістарычных аб’ектаў і артэфактаў. Сёлета ўвесну ў гэтай сфэры пачалі дзейнічаць палажэньні Кодэксу аб культуры, аднак істотных зьменаў ніводзін з бакоў не адчуў.
«Клясычны момант: пытаньне не ў грашах, а ў іх колькасьці, — кажа Максім Чарняўскі. — Як толькі на гэтыя мэты будуць выдаткаваныя сродкі, усё будзе рэальна. Прынамсі выпускнікоў нашых гістфакаў дастаткова для таго, каб падрыхтаваць на кожны раён як мінімум па адной асобе, што пачне выконваць ускладзеныя функцыі. А ўжо далейшае іх сталеньне, прафэсійнае разьвіцьцё — пытаньне часу. Галоўнае ў тым, ці сапраўды ёсьць на тое воля дзяржавы, ці ёй гэта патрэбна? Пакуль стаўленьне да археалёгіі, да гістарычнай спадчыны не паказальнае — нібыта гэта нешта лішняе, што замінае эканамічнаму разьвіцьцю краіны. То бок выцягвае сродкі, якія можна ўкласьці ў аграгарадкі, у сьвінарнікі і г.д».
Паводле Максіма Чарняўскага, у якасьці бягучай ідэі разглядаецца магчымасьць «падсуседзіцца» да прыродаахоўнай інспэкцыі з далейшай пераадукацыяй некаторых інспэктараў. Па першым часе яны маглі б адсочваць прыватную і дзяржаўную актыўнасьць на помніках археалёгіі. Гэта не ідэальнае выйсьце, хутчэй чарговы прыклад таго, як зэканоміць на неабходных рэчах. Прынамсі супрацоўнікі ведамства ўжо маюць ня толькі пэўныя паўнамоцтвы, а і ўзброеныя мабільныя брыгады.
Тарасаў: «Аматараў пошуку немагчыма паставіць на ўлік»
Кандыдат гістарычных навук, археоляг Сяргей Тарасаў мае пэсымістычны погляд на тое, што да ідэя, агучаная Ігарам Марзалюком, мае шанцы на пасьпяховую рэалізацыю.
«Змагацца можна і трэба, пытаньне ў тым, хто гэта будзе рабіць, — кажа Тарасаў. — З аднаго боку, на дзяржаўныя органы ўлады, міліцыю ці лесьнікоў не ўскладзеш — ня так іх шмат і ня будуць яны гойсаць па палях, курганах. З другога, тых, хто рэальна жыве з продажу артэфактаў, няшмат, для бальшыні гэта проста хобі, займаюцца для ўласнага задавальненьня — як рыбакі, грыбнікі. Проста не ўяўляю, як такіх аматараў можна адсачыць нават фізычна, а тым больш прыцягнуць да адказнасьці. Закон нібыта ёсьць, а вось мэханізм яго прымяненьня дагэтуль не прапісаны. Як на мой погляд, у выкананьні спадара Марзалюка пакуль толькі стрэлы па вераб’ях».
Заканадаўчыя нормы вызначаюць адказнасьць за нанясеньне шкоды гістарычнай спадчыне, ажно да крымінальнай. Аднак, мяркуе спадар Тарасаў, ёсьць мноства прыкладаў, калі бессаромнае ігнараваньне правілаў дэманструюць не саматужныя шукальнікі, а дзяржаўныя структуры.
Ці варта тады зьдзіўляцца актыўнасьці «чорных капальнікаў», якія ведаюць, што ўжыць да іх санкцыі надзвычай складана.
«Вось яскравы прыклад, — працягвае Тарасаў. — На Бярэзіне з боку вёскі Студзёнка ня тое што мэталяшукальнікі, цэлы экскаватар падагналі, каб капаць. Акурат там былі нашы археолягі, якія вялі плянавыя дасьледаваньні. Самадзейнасьць, зразумела, спынілі, выклікалі міліцыю. Прыехаў з Барысава нарад, склалі паперы, але да адказнасьці так і не прыцягнулі — не знайшлі падставаў. Ну дык як працуе ўказ, на які было столькі спадзяваньняў? Што тычыцца кантролю, таксама не ўяўляю, хіба толькі фактар выпадковасьці. Накіроўваць у раёны людзей, каб хадзілі і выглядалі, дзе капаюць, а дзе не капаюць? На чыстым энтузіязьме нічога не атрымаецца. А нейкі фонд на гэтыя мэты, сумняваюся, што зьявіцца».
Згодна зь беларускім заканадаўствам, праводзіць археалягічныя дасьледаваньні — гэта значыць, мэтанакіраваны пошук артэфактаў, якім больш за 120 гадоў — могуць толькі супрацоўнікі навуковых установаў або музэяў краіны. Аднак недахоп фінансаваньня і адсутнасьць адпаведнага кантролю за патэнцыйнымі помнікамі гісторыі разьвязваюць рукі зламысьнікам.