ФБР расьсьледуе, як Бразылія стала арганізатарам Алімпіяды-2016

Ілюстрацыйнае фота. Алімпійскія гульні ў Бразыліі 2016 году

Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў правярае зьвесткі аб злоўжываньнях, якія нібыта мелі месца пры выбары Бразыліі арганізатаркай летніх Алімпійскіх гульняў 2016 году, паведамляе газэта The Wall Street Journal.

Расьсьледуюцца зьвесткі пра магчымую куплю галасоў чальцоў МАК, а таксама хабары за прадастаўленьне выгадных кантрактаў на продаж алімпійскай атрыбутыкі і аказаньне паслуг, зьвязаных з правядзеньнем Алімпіяды, а таксама тэлетрансьляцыю спаборніцтваў.

Падобныя расьсьледаваньня праводзяць сама Бразылія і Францыя.

Сьледзтва вядзе брыгада сьледчых, якая ў 2015 годзе выявіла факты шырокамаштабнай карупцыі ва ўсясьветным футболе, а таксама на працягу двух гадоў расьсьледавала практыку ўжываньня допінгу расейскімі спартсмэнамі.

Амэрыканцы падключыліся да расьсьледаваньня на просьбу бразыльскіх і французскіх уладаў. Вынікам іх сумесных намаганьняў стаў арышт у кастрычніку былога старшыні Алімпійскага камітэту Бразыліі Карласа Нузмана, датычнага да подкупу чальцоў МАК.

Адным з атрымальнікаў хабараў быў сэнэгалец Папа Масата Дыяк, сын высокапастаўленага прадстаўніка МАК Ламіна Дыяка, які ў свой час быў старшынём Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацый. Яго падазраюць у тым, што, знаходзячыся на гэтай пасадзе, ён за хабар утойваў факты выкарыстаньня расейскімі лёгкаатлетамі допінгавых прэпаратаў. Ламін Дыяк быў арыштаваны ў Францыі ў 2015 годзе.