Былы адвакат Паганяйла: «За часамі Шушкевіча і ў нас суды вызвалялі падсьледных з-пад варты»

Гары Паганяйла

Пячорскі раённы суд Кіева адмовіў пракуратуры ў зьмяшчэньні пад варту былога прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі, падазраванага ў злачынстве. У беларускай судовай практыцы апошніх 20 гадоў фактычна няма выпадкаў, каб адвакат праз суд дамогся вызваленьня падсьледнага.

Паводле беларускага закону сьледчы з санкцыі пракуратуры без судовага рашэньня можа адправіць падсьледнага за краты на пэўны тэрмін, які можна працягваць фактычна бясконца. Праўда, пасьля пратэсту абароны падсьледнага суд можа адмяніць гэтае рашэньне, але першае слова ўсё роўна застаецца за сьледчым.

У інтэрвію Свабодзе былы судзьдзя і адвакат Гары Паганяйла згадаў, што на пачатку 1990-х гадоў такая практыка пачала ў Беларусі мяняцца. «Мы стартавалі нават з горшых пазыцый, але пачалі хутка ўдасканальваць і закон, і практыку», — успамінае ён.

Міжнародны пакт, вышэйшы за нацыянальны закон

Паводле Гары Паганяйлы, да 1991 году, калі старшынём Вярхоўнага Савету стаў Станіслаў Шушкевіч, беларускі крымінальна-працэсуальны закон увогуле не прызнаваў за судом права кантраляваць дзейнасьць сьледчых адносна меры стрыманьня. Але калі Беларусь ратыфікавала факультатыўны пратакол да Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, сытуацыя пачала імкліва мяняцца. Менавіта на гэты дакумэнт, бо ён вышэйшы за нацыянальны закон, пачалі спасылацца беларускія адвакаты, дамагаючыся вызваленьня з-пад варты на час сьледзтва сваіх падабаронных.

«Былі гучныя справы, падчас якіх мы патрабавалі ад судоў зьмяніць падсьледным меру стрыманьня. І гэта дзейнічала, нашы скаргі пачалі задавальняць. Нават дэпутаты парлямэнту мусілі тэрмінова падрыхтаваць зьмены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, паводле якіх судам далі права адмяняць рашэньне сьледчых. Але такая практыка мянялася марудна, а ў сярэдзіне 90-х гэты працэс спыніўся канчаткова», — кажа цяперашні праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла.

Трымаць падсьледнага за кратамі трэба найперш сьледчаму

Паводле праўніка, беларускія суды «выдатна ўбудаваныя» ў рэпрэсіўны апарат і выконваюць у ім вузкую функцыю — толькі караць, а ня быць арбітрам. А колькі сядзець да суду — па-ранейшаму вырашае сьледзтва.

«Утрыманьне падсьледнага пад вартай, калі гаворка не пра цяжкае злачынства, найперш патрэбна сьледчым — каб пад ціскам атрымліваць доказы і прызнаньне віны, бо інакш яны працаваць ня ўмеюць», — мяркуе суразмоўца.

Гары Паганяйла лічыць, што пры дзейным палітычным рэжыме не выпадае чакаць, што ўлады самі рэфармуюць судовую сыстэму настолькі, каб перадаць судзьдзям замест сьледчых права вырашаць, трэба падсьледнага трымаць пад вартай ці дастаткова будзе хатняга арышту, падпіскі аб нявыезьдзе ці абавязаньня зьяўляцца да сьледчых паводле позвы.

Між тым у суседніх зь Беларусьсю краінах толькі суды вырашаюць, ці адпраўляць чалавека за краты і на які тэрмін, пакуль па ягонай справе вядзецца сьледзтва. Гэтак закон дзейнічае ня толькі ў Польшчы, Літве і Латвіі, якія ўваходзяць у Эўразьвяз, але і ва Ўкраіне і ў Расеі.

Чаму Беларусь — выключэньне?

«Бо мы нават не ўваходзім у Раду Эўропы, як тая ж Украіна ці Расея. А ў краінах, якія ўваходзяць у Раду Эўропы і падзяляюць эўрапейскія каштоўнасьці, дзейнічае залатое правіла правоў чалавека: пазбавіць волі грамадзяніна можа толькі суд. Беларусь у гэтым сэнсе бліжэй да сярэднявечча, чым хто іншы ў Эўропе», — кажа праваабаронца.

Генэральная пракуратура Ўкраіны мае намер абскардзіць рашэньне Пячорскага суду, які адмовіўся арыштоўваць экс-прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі. Пра гэта заявіў пасьля суду над палітыкам кіраўнік украінскай Генпракуратуры Юры Луцэнка.

Міхэіл Саакашвілі быў затрыманы ў Кіеве 8 сьнежня, яго трымалі ў СІЗА Службы бясьпекі Ўкраіны. З-пад арышту палітык выйшаў 11 сьнежня.

Ці можна знайсьці праўду ў беларускіх судах?