Першая адстаўка ў незалежнай Беларусі: памылка, якую нельга было не зрабіць

Дэпутаты Сяргей Навумчык і Лявон Баршчэўскі на мітынгу БНФ, 1992. Фота Ул. Сапагова

Няпросты выбар для палітыка — ісьці ва ўладу, якая супярэчыць тваім ідэйным перакананьням, і скарыстаць мізэрныя магчымасьці для прасоўваньня сваіх ідэалаў — альбо не ісьці і застацца «чыстым».

У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагмэнты з кнігі.

Пазьняку ўдалося адгаварыць тых дэпутатаў Апазыцыі БНФ, якія пасьля забароны рэфэрэндуму ў кастрычніку 92-га зьбіраліся пакласьці дэпутацкія мандаты і сысьці зь Вярхоўнага Савету.

І ўсё ж адна адстаўка — праўда, не з дэпутацтва, а з пасады кіраўніка парлямэнцкай камісіі — адбылася.

Чалавекам, які сышоў, быў я.

На «прафэсійнай аснове» ў Вярхоўным Савеце на пасадзе кіраўнікоў камісіяў — старшыняў, намесьнікаў старшыняў і сакратароў — працавала каля 60 дэпутатаў.

Два дзясяткі старшыняў разам са старшынём Вярхоўнага Савету і ягонымі намесьнікамі ўваходзілі, паводле Канстытуцыі, у склад Прэзыдыюму, які быў надзелены некаторымі функцыямі «калектыўнага прэзыдэнта» (напрыклад, зацьвярджаў амбасадараў, прысвойваў ганаровыя званьні, разглядаў прашэньні аб памілаваньні і г. д.).

Наша камісія, паводле сваёй назвы, займалася ня толькі праблемамі СМІ, але і правоў чалавека. Ледзь не штодня да нас ішлі лісты з турмаў і калёніяў — людзі прасілі перагледзець несправядлівыя, як яны лічылі, прысуды. Я падпісваў запыты ў Вярхоўны суд ці ў Генэральную пракуратуру, большасьць адказаў былі: «Падставаў для перагляду прысуду ня знойдзена». І ўсё ж, некалькі чалавек, справамі якіх давялося займацца ўшчыльную, мне ўдалося вызваліць з-за кратаў. У тым самым 1992 годзе я наведаў калёнію пад Воршай — разам з палкоўнікамі-кіраўнікамі Ўпраўленьня выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў. Паглядзеў камэры, сталоўку, а потым папрасіў начальства правесьці агульную сустрэчу. Перад зьняволенымі мне выступаць яшчэ не даводзілася — але палітычную сытуацыю абмаляваў ім, думаю, даходліва. Потым дзьве гадзіны прымаў асабістыя скаргі. Пазьней даведаўся, што ўмовы ў калёніі пасьля гэтага візыту палепшыліся.

Канешне, наіўным было б спадзявацца на істотны посьпех у ачалавечваньні сфармаванай дзесяцігодзьдзямі сыстэмы, але, спадзяюся, нешта добрае зрабіць для зьняволеных мне ўдалося.

А вось што тычыцца сродкаў масавай інфармацыі — у гэтай сфэры, якая была мне блізкай прафэсійна, было значна цяжэй. Пра адсутнасьць якой бы там ні было падтрымкі з боку Шушкевіча ды поўнае ігнараваньне ініцыятываў парлямэнцкай камісіі апаратам Саўміну я ўжо пісаў раней. Да восені 1992-га ў мяне склалася абсалютна яснае перакананьне, што праца мая на пасадзе сакратара парлямэнцкай камісіі безвыніковая.

“Тройка”, якую захоча Лукашэнка

У лістападзе прынесьлі вялізны аркуш шчыльнай паперы, у якім у некалькі слупкоў былі надрукаваныя пара сотняў прозьвішчаў — абноўлены сьпіс тых, каму павінны былі ўсталяваць так званую «тройку», апарат урадавай сувязі. «Чацьвёркі» былі шмат у каго, пачынаючы з кіраўнікоў райвыканкамаў і супрацоўнікаў апарату Саўміну, тэлефоны ВЧ (высокачастотнай сувязі) — толькі ў найвышэйшых кіраўнікоў. А «тройка» была ва ўладальнікаў ВЧ і асобаў на ранг-два ніжэйшых — да ўзроўню міністраў і некаторых намесьнікаў міністраў (МУС, МЗС, КДБ, Мінабароны). У сьпісе былі і кіраўнікі парлямэнцкіх камісіяў. Знайшоў я там і сваё прозьвішча (дарэчы, пасады ў сьпісе не пазначаліся — былі толькі прозьвішча, імя і імя па бацьку, лічылася, што ў гэтым вузкім коле ўсе адны адных ведаюць).

Праз паўгода, летам 1993-га, новаабраны старшыня «антыкарупцыйнай» камісіі дэпутат Лукашэнка будзе патрабаваць, акрамя службовай машыны, і гэтую самую «тройку».

А мне скарыстацца такім сымбалем высокага службовага становішча не давялося — у сярэдзіне лістапада я прыняў рашэньне сысьці з пасады сакратара камісіі.

Ці правільна атрымліваць зарплату ў нелегітымным парлямэнце?

Пра адчуваньне безвыніковасьці сваёй працы (пры міністэрскай зарплаце) я ўжо казаў, а падштурхнула да такога рашэньня адмова ў правядзеньні рэфэрэндуму.

З аднаго боку — на мітынгу перад разглядам пытаньня аб рэфэрэндуме, які мне давялося весьці разам з Галінай Вашчанка, была прынятая рэзалюцыя аб спыненьні працы ў структурах Вярхоўнага Савету ў выпадку, калі парлямэнт адмовіцца прызначаць дату рэфэрэндуму. І каму, як не вядоўцу мітынгу, трэба было выконваць гэтую рэзалюцыю.

Па-другое, мы заявілі, што Вярхоўны Савет страціў легітымнасьць — тады ці маральна было атрымліваць там зарплату?

Нарэшце, права на выбар улады — адно з базавых правоў чалавека. Пасьля таго, як яно было парушана, мусіў адбыцца нейкі акт пратэсту хаця б ад аднаго з членаў камісіі, якая займалася правамі чалавека. І адстаўка — самы лепшы для гэтага спосаб.

Пра тое, што зьбіраюся падаць у адстаўку, я паведаміў Пазьняку. Ён не ўхваліў майго рашэньня, сказаў, што ня варта гэтага рабіць. Але й не ўгаворваў. Мяркую, ён ужо стаміўся ад адгаворваньняў калег па апазыцыі, якія прапаноўвалі «здаць мандаты», да таго ж, я не зьбіраўся сыходзіць з Вярхоўнага Савету — толькі з пасады сакратара камісіі. Магчыма, ён бачыў маю рашучасьць і памятаў, што ў ліпені я не прыслухаўся да ягонай парады прыняць прапанову заняць пасаду дырэктара «Белінфарму».

Канешне, я раіўся з жонкай. Галіна не пярэчыла, хаця ўсьведамляла ў тым ліку і матэрыяльныя страты, непазьбежныя ў выніку майго сыходу (яны сапраўды аказаліся вельмі сур’ёзнымі). Праз гады яна прызналася, што насамрэч без усялякай радасьці ўспрыняла маё рашэньне, «але ты быў так пераканана і рашуча настроены, што адгаворваць было бессэнсоўна».

“Сканцэнтравацца на працы з выбаршчыкамі і ў Апазыцыі”

Я запісаўся на выступ у разьдзеле «Рознае» і раніцай 24 лістапада атрымаў слова. Далей цытую стэнаграму; вёў паседжаньне Станіслаў Шушкевіч.

«Hавумчык С. І. (Віцебская-Чыгуначная выбарчая акруга N 181). Маё выступленьне будзе кароткім. Два гады назад, калі была абрана і створана Камісія Вярхоўнага Савету ў пытаньнях галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, то я як абраны вамі на пасаду сакратара гэтай камісіі бачыў сваю мэту ў тым, каб стварыць заканадаўчыя гарантыі для ажыцьцяўленьня прынцыпаў свабоды слова, свабоды інфармацыі, але відавочна, што гэтыя прынцыпы і ідэі былі варожыя для большасьці з вас. Вось ужо некалькі сэсій запар ні Прэзыдыюм, ні Вярхоўны Савет не ўключаюць...

Cтаршыня. Сяргей Іосіфавіч, я вам зраблю заўвагу. Варожымі ня могуць быць тыя прынцыпы, якія зацьверджаны ў Канстытуцыі. Я прашу вас не рабіць такіх заяў.

Навумчык С. І. Ва ўсякім разе гэтыя прынцыпы і ідэі былі супярэчлівыя з прынцыпамі большасьці дэпутатаў. Вось ужо некалькі сэсій запар ні Прэзыдыюм, ні Вярхоўны Савет не ўключаюць у парадак дня сэсіі праект Закону аб свабодзе інфармацыі. Пагадзіўшыся з магчымасьцю манапалізацыі амаль што ўсяго пэрыядычнага друку Саветам Міністраў, Вярхоўны Савет адмаўляецца прыняць адпаведныя заканадаўчыя акты і пастановы. Акрамя таго, адмаўляючы мільёнам грамадзян у правядзеньні рэфэрэндуму, Вярхоўны Савет парушыў іх правы на палітычнае волевыяўленьне, удзел у кіраваньні дзяржавай. І пайшоў пры гэтым далей. Нягледзячы на мае выступленьні як сакратара камісіі па галоснасьці і выступленьні дэпутатаў апазыцыі, ён прыняў шэраг законаў, якія фактычна легалізуюць умяшаньне ў асабістае жыцьцё грамадзян.

З самага пачатку існаваньня Беларускага Народнага Фронту БНФ заяўляў, што ўлада сама па сабе не зьяўляецца для нас самамэтай, а толькі інструмэнтам для паляпшэньня жыцьця народу і правядзеньня дэмакратычных працэсаў. З самага пачатку свайго ўтварэньня Беларускі Народны Фронт заяўляў таксама, што палітыка ніколі ня будзе на карысьць народу, калі яна не абапіраецца на мараль. Пасьля таго, як Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь адхіліў правядзеньне рэфэрэндуму, асабіста для мяне як члена апазыцыі стала немагчымай прафэсійная праца ў гэтым Вярхоўным Савеце, таму я прашу вызваліць мяне ад абавязкаў сакратара Камісіі Вярхоўнага Савету ў пытаньнях галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека. Я хачу сканцэнтраваць сваю далейшую дзейнасьць на працы з выбаршчыкамі і ў Апазыцыі».

Тут Авальная заля грымнула аплядысмэнтамі — пляскалі ў ладкі нашыя палітычныя апанэнты, некаторыя крычалі — «Маладзец!»

Звычайна Шушкевіч, дый ягоныя намесьнікі, калі вялі сэсію, вельмі неахвотна ставілі нейкае пытаньне на галасаваньне, калі яго не было ў парадку дня. Але ў гэтым выпадку традыцыя была парушаная.

«Cтаршыня. Сяргей Іосіфавіч, паставіць на галасаваньне праект пастановы? Я прашу народных дэпутатаў, ведаеце, будзем так, як у … арміі (у стэнаграме стаіць шматкроп'е, насамрэч Шушкевіч сказаў — «у прускай арміі» — С.Н.). У нас па "Рознаму" галасаваньне не праводзіцца. Але пасьля "Рознага" мы адразу абавязкова разгледзім кадравае пытаньне ў сувязі з паступіўшай пастановай».

І — пасьля выступу іншых дэпутатаў:

«Старшыня. Яшчэ я абяцаў прагаласаваць па пытаньні народнага дэпутата Навумчыка. Хто за тое, каб прыняць пастанову аб задавальненьні просьбы народнага дэпутата Навумчыка Сяргея Іосіфавіча аб тым, каб яго выключыць з пастаяннай работы ў камісіі і ў Вярхоўным Савеце з пастаяннай пасады, прашу галасаваць. Хто супраць? Хто ўстрымаўся? Вынікі галасаваньня: кворум для галасаваньня 230. Кворум для прыняцьця рашэньня 173. Зарэгістравана 277. Прагаласавала "за" 197. Прагаласавала "супраць" 9. Устрымалася 9. Усяго прагаласавала 215. Не галасавала 62. Рашэньне прынята. Пастанова прымаецца».

Выглядае, тыя восемдзесят дэпутатаў, якія галасавалі супраць, устрымаліся альбо ўвогуле адмовіліся галасаваць — былі члены Апазыцыі БНФ і Дэмклюбу (які ў 1992 годзе фактычна ўжо не існаваў).

Але ніякага эфэкту адстаўка ня мела. Акрамя рутынных выпускаў справаздачы з сэсіі па тэлебачаньні і радыё, толькі тыднёвік «Літаратура і мастацтва» пра яе паведаміў, а «Чырвоная зьмена» дала стэнаграму майго выступу. Ва ўсякім разе, больш ніякай рэакцыі ў друку я ня бачыў.

Ніхто з маіх добрых знаёмых і сяброў, ніхто з тых асобаў, якія былі для мяне маральнымі аўтарытэтамі — не ухваліў гэты мой крок. Васіль Уладзімеравіч Быкаў часам прыязна рэагаваў на нейкія мае, як ён лічыў, удалыя выступы ці публікацыі ў друку, Рыгор Іванавіч Барадулін звычайна экспрэсіўна, часта з салёным словам, падтрымліваў у нейкіх маіх дзеяньнях. Гэтым разам — нічога. Што праўда, і не крытыкавалі.

Пра гэтую адстаўку ўжо праз пару дзён забыліся, яе ніколі ня ўзгадвалі нават тыя публіцысты, якія тады і пазьней даказвалі, што пасьля забароны рэфэрэндуму дэпутаты апазыцыі мусілі скласьці мандаты і сысьці зь Вярхоўнага Савету.

І вось у адсутнасьці колькі-небудзь прыкметнай рэакцыі на маю адстаўку і была яе карысьць, бо гэта (хай і ў значна меншым маштабе) паказала, чым магла б скончыцца адмова дэпутатаў Апазыцыі БНФ ад мандатаў: нічым, акрамя імклівага зьнікненьня палітычнага ўплыву.

Памылка, якую нельга было не зрабіць

На маё месца ў камісіі хутка быў абраны дэпутат-прадстаўнік намэнклятуры. Той хай сабе і зусім невялікі ўплыў на кіраўнікоў СМІ, які яна мела, Апазыцыя БНФ страціла.

У выпадку сыходу нарадафронтаўцаў зь Вярхоўнага Савету хіба што толькі размовы пра гэты крок былі б даўжэйшыя. Але мы імгненна страцілі б практычна ўсё, што з такой цяжкасьцю набылі: і магчымасьці парлямэнцкай дзейнасьці, і магчымасьці сустрэчаў з людзьмі, і доступ да сродкаў масавай інфармацыі. Зрэшты, пра ўсё гэта ўжо казалася.

“Вы зрабілі тое, што мусілі зрабіць, д’Артаньян, але, быць можа, вы зрабілі памылку”, — сказаў Атос галоўнаму герою “Трох мушкецёраў”, калі той адмовіўся ад прапановы ўступіць у гвардыю кардынала.

Увогуле, гэта вельмі няпросты выбар для палітыка — ісьці ва ўладу, якая па сваёй сутнасьці супярэчыць тваім ідэйным перакананьням, і скарыстаць, можа быць, і мізэрныя магчымасьці для прасоўваньня сваіх ідэалаў — альбо не ісьці і застацца «чыстым». У 1992-м я двойчы рабіў гэты выбар: адмовіўшыся ад пасады дырэктара «Белінфарму» і сышоўшы ў адстаўку з пасады сакратара парлямэнцкай камісіі.

Ці зрабіў бы я такі выбар сёньня? Для палітыка важна захаваць сваё рэнамэ чыстым ад супрацоўніцтва з сумнеўнай уладай. Але часам варта ахвяраваць іміджам у інтарэсах справы. Тым больш у тым выпадку, калі гаворка ідзе пра парлямэнт — выбарны орган, дзе чым болей у палітычнай арганізацыі пазыцый, тым лепей. Таму лічу, што адмова ад кіраўніцтва БЕЛТА была збольшага слушнай, а вось адстаўка з пасады сакратара парлямэнцкай камісіі — хутчэй, памылковай.

Але ўсё гэта я ўсьвядоміў пазьней. У наступныя гады, нягледзячы ў тым ліку і на тое, што матэрыяльнае становішча сям’і істотна пагоршылася, я не шкадаваў пра сваё рашэньне.

І калі сёньня бачу, што той мой крок меў пэўныя палітычныя заганы, дык суцяшаюся тым, што тады, у 1992-ім, я зрабіў яго паводле ўласнага сумленьня. Жонка мае рацыю — інакш зрабіць я ня мог.

Што ж, прыемна хоць бы ў гэтым быць падобным на галоўнага героя любімай кнігі дзяцінства.

Усе публікацыі праекту «Дзевяноста другі»