Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прыбыў на ваенную базу Хмэймім ў Сырыі. Пуціна на аэрадроме сустрэлі прэзыдэнт Сырыі Башар Асад, міністар абароны Сяргей Шайгу і камандуючы расейскай групоўкай войскаў у Сырыі Сяргей Суравікін.
Адзначаецца, што Пуцін загадаў пачаць вывад расейскай групоўкі войскаў з Сырыі пасьля абвяшчэньня пра перамогу над «Ісламскай дзяржавай».
«Міністру абароны, начальніку Генштаба загадваю: прыступіць да вываду расейскай групоўкі войскаў у пункты іх пастаяннай дысьлякацыі», – заявіў расейскі прэзыдэнт, выступаючы перад вайскоўцамі авіябазы ў панядзелак.
З 2014 года барацьбу з радыкальнымі ісламістамі ў Сырыі вядзе міжнародная кааліцыя на чале з ЗША. Кааліцыя падтрымлівае сілы сырыйскай дэмакратычнай апазыцыі. Расейская ваенная кампанія ў Сырыі пачалася 30 верасьня 2015 года. Кааліцыя неаднаразова абвінавачвала Маскву ў падтрымцы рэжыму прэзыдэнта Сырыі Башара Асада, якога краіны Захаду абвінавачваюць у масавых парушэньнях правоў чалавека.