У амэрыканскім пасольстве адзначылі, што хочуць, каб расейцы мелі магчымасьць падарожнічаць у ЗША, вучыцца ў амэрыканскіх ВНУ і весьці бізнэс з прадстаўнікамі краіны. Аднак «празь неабгрунтаванае рашэньне» ўраду Расейскай Фэдэрацыі істотна скараціць колькасьць пэрсаналу амэрыканскіх дыпмісій ня могуць аднавіць выдачу візаў у поўным аб’ёме, падкрэсьліваецца ў заяве.
Злучаныя Штаты з 23 жніўня прыпынілі выдачу расейцам неіміграцыйных візаў. У пасольстве ЗША заявілі, што гэтае рашэньне зьвязана са скарачэньнем колькасьці супрацоўнікаў амэрыканскай дыпляматычнай місіі ў Расеі. У ліпені Масква абвясьціла аб высылцы з краіны 755 амэрыканскіх дыпляматычных работнікаў у адказ на ўзмацненьне жорсткасьці санкцый у дачыненьні да Расеі. Зь 1 верасьня адзіным месцам у Расеі, дзе можна было атрымаць неіміграцыйныя візы ў ЗША, стала Масква. Але празь недахоп пэрсаналу тэрміны афармленьня дакумэнтаў значна ўзрасьлі. У Маскве візу разглядаюць амаль тры месяцы замест 3-4 працоўных дзён, як гэта было да скарачэньня пэрсаналу.