Пра гэта сьведчаць архіўныя дакумэнты былога ўпраўленьня КДБ Украіны, зь якіх Служба бясьпекі Ўкраіны зьняла грыф сакрэтнасьці. Аб гэтым у нядзелю 10 сьнежня паведаміла выданьне Znak.com. Частка дакумэнтаў у выглядзе фатакопій публікуецца і абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках.
З рассакрэчаных дакумэнтаў вынікае, што НКГБ СССР і яго падразьдзяленьні ў саюзных і аўтаномных рэспубліках, краях і абласьцях займаліся падборам кандыдатаў для ўдзелу ў саборы зь ліку духавенства і сьвецкіх. З гэтай мэтай патрабавалася намеціць «асобаў, якія маюць рэлігійны аўтарытэт сярод духавенства і вернікаў і ў той жа час правераных на агентурнай або патрыятычнай працы».
«Важна забясьпечыць, каб у ліку вызначаных кандыдатаў пераважалі агенты НКГБ, здольныя правесьці на саборы патрэбную нам лінію», — гаворыцца ў лісьце, накіраваным у верасьні 1944 году на месцы з подпісам начальніка 2-га ўпраўленьня НКГБ СССР Фядотава і кіраўніка пятага аддзелу 2-га ўпраўленьня Карпава.