Ад сёньня паміж Менскам і Вільняй пачынаюць хадзіць электрычкі

У нядзелю зь Вільні ў Менск пачынаюць курсаваць новыя — электрычныя — цягнікі «Літоўскіх чыгунак». Паводле кампаніі, штодня да сталіцы Беларусі змогуць дабрацца значна больш пасажыраў — у двухпавярховых цягніках месцаў удвая болей, чым дагэтуль — 296, паведамляе Delfi.lt.

Кіраўнік Дырэкцыі пасажырскіх перавозак «Літоўскіх чыгунак» Лінас Баўжыс паведаміў агенцтву BNS, што новыя цягнікі будуць больш экалягічныя і камфортныя. Паводле яго, цэны на білеты амаль ня зьменяцца, а падарожжа разам з памежным кантролем зойме 2 гадзіны 30 хвілінаў. Цягнікі ў Менск і назад будуць езьдзіць два разы на дзень. Паводле Баўжыса, праект, які стартуе ў нядзелю, рыхтаваўся некалькі гадоў. Тры двухпавярховыя цягнікі па тры вагоны ў кожным вырабіла за 27 мільёнаў эўра чэская фірма «Шкода».

Падчас падарожжа будзе магчыма карыстацца бясплатным бяздротавым інтэрнэтам, зараджаць мабільныя прылады. Падарожнікі змогуць перавозіць ровары, вазочкі і багаж большых памераў.

Новыя цягнікі зь Вільні ў Менск будуць выяжджаць штодня ў 6.15 і 15.05, зь Менску ў Вільню - у 10.35 і 19.30.

Дагэтуль у Менск езьдзілі толькі дызэльныя пасажырскія цягнікі.