ЗША заклікаюць хаўрусьнікаў па NATO аказаць ціск на Расею

Ракета Іскандэр-М пры запуску на вучэньнях Захад-2017 18 верасьня 2017.

Злучаныя Штаты Амэрыкі прадставілі партнэрам па NATO доказы таго, што Расея, па ўсёй верагоднасьці, парушае Дамову аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасьці.

Па зьвестках нямецкага выданьня Der Spiegel, міністар абароны ЗША Джэймс Мэціс на закрытым пасяджэньні Групы ядзернага плянаваньня NATO запатрабаваў ад краінаў-членаў альянсу выпрацаваць плян дзеяньняў, каб прымусіць Маскву выконваць дамову. Такі плян павінен быць выпрацаваны да пачатку саміту NATO летам 2018 году.

Пры неабходнасьці NATO павінна быць гатова да ўвядзеньня ў дачыненьні да Расеі штрафных санкцый, заявіў Мэціс. Кіраўнік Пэнтагону заявіў, што калі партнэрам па NATO не ўдасца дасягнуць згоды, то ЗША будуць гатовыя дзейнічаць самастойна.

Перад пачаткам пасяджэньня ў Брусэлі Злучаныя Штаты прадставілі краінам — членам NATO атрыманыя амэрыканскімі спэцслужбамі новыя доказы таго, што РФ парушыла падпісаны ў 1987 годзе бестэрміновы дагавор паміж ЗША і СССР. Гэтым дагаворам забараняецца вырабляць, выпрабоўваць і разгортваць балістычныя і крылатыя ракеты наземнага базіраваньня сярэдняй і малой далёкасьці.

Прыхільнікамі жорсткай лініі ў дачыненьні да Расеі разам з ЗША выступаюць таксама краіны Балтыі і Польшча, якія ўваходзяць у склад NATO.