Стварыць і зьнішчыць. Крызіс антыкарупцыйнай рэформы ва Ўкраіне

Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас цырымоніі прыняцьця прысягі дэтэктываў Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны. Кіеў, 15 верасьня 2015 году

Пасьля перамогі Эўрамайдану і ўцекаў экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча з паплечнікамі ў Расею новыя ўлады Ўкраіны, пад ціскам грамадзкасьці з аднаго боку і міжнародных партнэраў з другога, на пачатку 2014 году ўзялі курс на барацьбу з карупцыяй.

Вельмі хутка Вярхоўная Рада ўхваліла антыкарупцыйнае заканадаўства — былі створаныя новыя органы, дзейнасьць якіх мела скіравацца на папярэджаньне і барацьбу з карупцыяй ня толькі на ўзроўні сярэдніх чыноўнікаў, а і прадстаўнікоў найвышэйшых органаў улады.

Неўзабаве пасьля гэтага Ўкраіна падпісала дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам і атрымала бязьвізавы рэжым з краінамі Шэнгенскай зоны.

Цяпер украінскае грамадзтва зноў узрушанае — некаторыя заканадаўчыя ініцыятывы ў гэтай галіне могуць выклікаць новы палітычны крызіс ва Ўкраіне, перагляд «бязьвізу» і спыненьне шэрагу міжнародных фінансавых праграм падтрымкі рэформаў ва Ўкраіне.

Ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту супраць карупцыі ў Кіеве. 2015 год

Новая антыкарупцыйная сыстэма

У 2015 годзе ў сыстэме праваахоўных органаў Украіны створаны: Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро (НАБУ займаецца выяўленьнем і раскрыцьцём карупцыйных злачынстваў, учыненых высокімі службовымі асобамі), Спэцыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура (САП працуе ў сыстэме Генэральнай пракуратуры Ўкраіны, наглядае за выкананьнем законаў падчас расьсьледаваньняў НАБУ і падтрымлівае дзяржаўнае абвінавачваньне ў судах) і Нацыянальнае агенцтва прадухіленьня карупцыі (НАПК выконвае папераджальную функцыю — правярае дэклярацыі дзяржаўных службоўцаў і правярае інфармацыю пра факты карупцыі або злоўжываньня пасадай).

У гэтым ланцужку не хапае толькі антыкарупцыйных судоў. Мэханізм іх стварэньня стаў найбольш дыскусійным, бо грамадзкія актывісты і ўлада па-рознаму бачылі іхнае функцыянаваньне.

Архіўнае фота. Кіраўнік парлямэнцкага антыкарупцыйнага камітэту Ягор Собалеў паказвае онлайн сыстэму дэкляраваньня даходаў у інтэрвію Reuters у Кіеве. 17 кастрычніка 2016 году

Прадстаўнікі ўладнай кааліцыі, у адрозьненьне ад грамадзкіх актывістаў, не сьпяшаліся з падрыхтоўкай спэцыяльнага праекту закону. На думку ж прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, менавіта альтэрнатыўны законапраект, які прасоўваў да сваёй адстаўкі кіраўнік парлямэнцкага антыкарупцыйнага камітэту Ягор Собалеў, і заблякаваў заканадаўчы працэс для завяршэньня стварэньня ўсёй антыкарупцыйнай сыстэмы. Абнуленьню сытуацыі паспрыяла іншая заканадаўчая ініцыятыва ўладнай кааліцыі — дэпутаты прапанавалі фактычна аднавіць палітычны кантроль над дзейнасьцю незалежных антыкарупцыйных органаў.

Каталізатар працэсу

Ілюстрацыйнае фота. Мітынг супраць карупцыі ў Кіеве. 2016 год

​Згодна зь дзейным заканадаўствам, кіраўніка Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро можна звольніць з пасады па выніках незалежнага аўдыту дзейнасьці гэтага органа. Але ўжо амаль год парлямэнт ня можа вызначыцца з аўдытарам. Парлямэнцкі антыкарупцыйны камітэт двойчы праводзіў конкурс сярод патэнцыйных кандыдатаў, але падчас галасаваньня ў Вярхоўнай Радзе ніводзін зь іх не набіраў неабходнай колькасьці галасоў.

Адначасова ўзмацнілася крытыка дзейнасьці Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро і ягонага кіраўніка Арцёма Сытніка, выбранага на пасаду па выніках адкрытага конкурсу.

У канцы лістапада Служба бясьпекі затрымала «тайнага» агента НАБУ, які правакаваў на хабар намесьніцу старшыні Дзяржаўнай міграцыйнай службы Дыяну Пімахаву (ва Ўкраіне правакацыя хабару ёсьць злачынствам). Арцём Сытнік заявіў, што СБУ ды Генпракуратура, сьледчыя якой пасьля затрыманьня «агента» прыйшлі зь ператрусамі ў бюро, сарвалі «спэцапэрацыю» ў выкрыцьці хабарніцтва.

У сваю чаргу генэральны пракурор Юры Луцэнка абвінаваціў НАБУ ў незаконным праслухоўваньні чыноўнікаў.

Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка

«Я не хачу руйнаваць аўтарытэт і магчымасьці НАБУ, я адчуваю сябе па адзін бок барыкадаў. Але змаганьне са злачынствамі незаконнымі мэтадамі рана ці позна прывядзе да стварэньня „ЧК“. Сёньня я мушу гаварыць пра гэта і прасіць камітэт разабрацца і прызначыць аўдыт», — заявіў Юры Луцэнка ў Вярхоўнай Радзе.

Неўзабаве пасьля гэтай заявы кіраўнікі фракцый урадавай кааліцыі — «Народнага фронту» ды Блёку Пятра Парашэнкі — зарэгістравалі законапраект, які кардынальна мог зьмяніць уплыў парлямэнту на сыстэму антыкарупцыйных органаў, зрабіўшы іх «падначаленымі» праўладнай кааліцыі і, як вынік, ператварыўшы ў палітычны інструмэнт звальненьне кіраўнікоў антыкарупцыйных органаў. Найперш тады, калі не спадабаецца назьбіраны дэтэктывамі карупцыйны матэрыял на якога-небудзь прадстаўніка ўлады.

Незалежнасьць як фактар эфэктыўнасьці

На публічнае высьвятленьне стасункаў між праваахоўнымі і антыкарупцыйнымі органамі ва Ўкраіне адразу адрэагавалі галоўныя міжнародныя партнэры краіны — Эўразьвяз ды ЗША.

У Службе замежнай палітыкі Эўразьвязу заявілі, што публічнае раскрыцьцё Генэральнай пракуратурай дэталяў расьсьледаваньня фактаў карупцыі істотна аслабляе магчымасьці НАБУ ды падрывае веру людзей у магчымасьць эфэктыўнага супрацьдзеяньня карупцыі.

У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША такія дзеяньні Генэральнай пракуратуры расцанілі як спробу падрыву незалежнасьці антыкарупцыйных органаў.

Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан

«Апошнія падзеі ва Ўкраіне, уключаючы зрыў расьсьледаваньня карупцыі на высокім узроўні, арышт супрацоўнікаў НАБУ, захоп сакрэтных дасье, выклікаюць сумневы ў прыхільнасьці Ўкраіны да барацьбы з карупцыяй», — адзначылі ў заяве і нагадалі словы дзяржсакратара ЗША Рэкса Тылерсана: «Няма сэнсу змагацца за цела Ўкраіны на Данбасе, калі яе душа будзе страчаная ў карупцыі. Антыкарупцыйныя інстытуты маюць патрэбу ў падтрымцы, фінансаваньні і абароне».

Сьцьвярджаюць, што дыпляматычныя перамовы трывалі амаль да раніцы, пакуль прадстаўнікам Эўразьвязу ды ЗША ў Кіеве не ўдалося пераканаць ўкраінскіх палітыкаў зьняць скандальны законапраект пад пагрозай спыненьня фінансавых праграм падтрымкі і прыпыненьня бязьвізавага рэжыму.

Замест бліцкрыга — шматхадоўка

Але і гэта пакуль не гарантуе антыкарупцыйным органам поўнай незалежнасьці. Спробы «ўзяць пад кантроль барацьбітоў з карупцыяй» атрымліваюць новую пэрспэктыву пасьля адхіленьня Ягора Собалева з пасады старшыні галіновага парлямэнцкага камітэту. Прызначыўшы на гэтую пасаду «свайго чалавека», уладнай кааліцыі будзе лягчэй выбраць і свайго аўдытара для ацэнкі дзейнасьці таго ж, напрыклад, Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро, каб адправіць у адстаўку цяперашняга кіраўніка.

Калі дазволіць грамадзтва.