Блогер Эдуард Пальчыс разам з пляцоўкай «Арт Сядзіба» і крамай symbal.by абвясьцілі пра пачатак нацыянальнай кампаніі сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
«Адсьвяткаваць юбілей БНР можна і без падтрымкі дзяржавы. Галоўнае, каб людзі, якія адносяць сябе да так званага незалежнага сэктару, не былі пасыўнымі», — гаворыць Пальчыс у інтэрвію Радыё Свабода.
Стваральнік сайту 1863x.com кажа, што не зьбіраўся брацца за арганізацыю юбілею БНР і спадзяваўся, што гэтым зоймецца нехта іншы.
«Але час ішоў, прайшло лета, вучэньні „Захад-2017“, і ніхто за гэта не браўся. З Паўлам Белавусам з symbal.by і Алесем Сьнегам з „Арт Сядзібы“ мы сабраліся і вырашылі, што трэба нешта рабіць, бо інакш ніхто гэтага ня зробіць».
Сотую гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР Эдуард Пальчыс лічыць «найлепшым часам для ўцягваньня людзей у нацыянальна арыентаванае асяродзьдзе». Паводле яго, вялікія юбілеі гістарычных падзеяў прачыняюць сьвядомасьць людзей і абуджаюць цікавасьць да гісторыі.
«У нас узьнікла праграма, каб па ўсёй Беларусі і ў краінах, дзе ёсьць беларускія дыяспары, адбываліся сьвяткаваньні і каб людзі самаарганізоўваліся. Хто ня можа гэтага зрабіць, мы гатовыя такім людзям дапамагчы ідэяй, арганізацыяй, парадай, як зрабіць сьвята ў горадзе ці іншай мясцовасьці, і выбраць найлепшы фармат», — кажа Пальчыс.
Адзначэньне юбілею ініцыятары кампаніі бачаць як шматфарматнае сьвяткаваньне: ад інтэрнэт-флэшмобаў да кірмашоў, фэстываляў, вечарынаў.
«Часта людзі пішуць: маўляў, я хачу нешта зрабіць, але ня ведаю што. Ініцыятыва ёсьць, але без напаўненьня. Калі ўладальнік, напрыклад, кавярні, мае жаданьне нешта зрабіць, то няхай такая асоба піша Паўлу Белавусу ў symbal.by. За рэгіёны адкзавае „Арт Сядзіба“. За дыяспару — Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“» — тлумачыць блогер.
Сам Пальчыс будзе займацца інфармацыйнай часткай. Ён рыхтуе сэрыю публікацяў з нагоды юбілею БНР, будзе кантактаваць з гісторыкамі і культуролягамі. У амаль 10-мільённай краіне, на ягоную думку, ня ўсе ведаюць, што такое БНР.
Ад арганізацыі вулічнай акцыі 25 Сакавіка Пальчыс і ягоныя калегі адмяжоўваюцца. Фармат палітычнай пратэставай акцыі ён называе бессэнсоўным.
«Вядома, ідэальны сцэнар — гэта вялікае шэсьце па цэнтры гораду са сьцягамі, з талковай рэжысурай. Але ўлады гэтага не дазволяць. А плян „няхай людзі прыходзяць і на месцы будзем бачыць, што рабіць“, — дзіўны. Таму акцыя будзе зноў пратэставаю і стане нагодай для піяру розных арганізацыяў», — мяркуе блогер.
Наконт фармату сьвятаканьня Пальчыс праводзіў апытаньне ў сацыяльных сетках. 90%, паводле яго, выбіралі ня акцыю пратэсту, а сьвяткаваньне ў кожнай іншай форме.
Паводле Эдуарда Пальчыса, гісторыя стала палітычнай зброяй, таму годнае адзначэньне юбілею і рост нацыянальнай сьвядомасьці дапамогуць «абараніцца ад вірусаў з Усходу, якія зьнішчаюць грамадзтвы».
«Гісторыя БНР — процівага расейскай прапагандзе "Мы адзін народ". Каб пазьбегчы непрыемнасьцяў, людзі абіраюць сваю ідэнтычнасьць: хто мы і дзе мы знаходзімся. Трэба, каб людзі адзначылі гэты дзень як сапраўднае сьвята, няхай нават проста ў сям’і. Нават дома за сталом, без шэсьця. Гэта ўжо вялікі плюс для росту сьвядомасьці. Мы хочам унікнуць разгонаў, дубінак, паразаў, ранаў, якія потым вечна залізваць», — кажа Пальчыс.